Жыве вёска — жывём і мы

Жыве вёска — жывём  і  мы

Горад ужо даўно як заведзены механізм, увесь час ад яго ідзе нейкі шум, які ніколі не знікае! А ў вёсцы прастор, сонца, поле, луг, лес, возера. І зноў жа — цішыня і спакой. Летам у вёсцы можна проста так гуляць пад дажджом, і ніхто не будзе глядзець на цябе, як на дзівака. Можна залезці на стог сена і ляжаць на ім уволю. У вёсцы няма нікога чужога, людзі там — самыя лепшыя. Але ж і папрацаваць тут даводзіцца!
Вёска Мыслеўшчына ўзнікла на карце Мсціслаўскага ваяводства ў ХVIII стагоддзі, калі землеўладальнікі Балтоўскі, Судзілоўскі і Асмалоўскі выкупілі частку зямлі ў князя Мяшчэрскага.
Зараз вёска размешчана ў Родненскім сельскім Савеце, за 18 кіламетраў на ўсход ад Клімавіч, 142 кіламетры ад абласнога цэнтра. Рэльеф раўнінны, на ўсходзе мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Сідараўка, Судзілы, Родня і далей па шашы Касцюковічы — Клімавічы.
У 1762 г. — сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ, шляхецкая ўласнасць, меўся шынок. У 1780 г. знаходзіцца ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні. На той час налічвалася 10 двароў, 61 жыхар. У 1811 г. — 17 двароў, 115 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася адыходным промыслам. У 1897 г. Мыслеўшчына адышла да Раднянскай воласці Клімавіцкага павета, мела 19 двароў, 138 жыхароў, на двух хутарах — тры двары, 18 жыхароў. З 1918 года яна ўжо ў складзе Судзілаўскага сельскага Савета. У 1926 г. мела 39 двароў, 230 жыхароў. У 1931 г. арганізаваны калгас “Хваля рэвалюцыі”, у якім першапачаткова было 26 гаспадарак. У 1932 г. у калгасе ўжо 37 гаспадарак, 204 га ворыўнай зямлі. Затым ён быў рэарганізаваны ў калгас імя Кірава, а ў 1958 г. увайшоў у склад эксперыментальнай базы “Раднянская”.
У Вялікую Айчынную вайну з сярэдзіны жніўня 1941 г. па верасень 1943 г. Мыслеўшчына была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 3 1960 г. яна ў Родненскім сельскім Савеце. У 1970 г. меліся 42 гаспадаркі, 81 жыхар. Зараз у вёсцы 14 двароў і 22 жыхары.
Мыслеўшчына багата на калодзежы-жураўлі, якія амаль у кожным двары. Чаму ж менавіта “жураўлі”? А таму, што ў вёсцы нізкія землі і вада блізка.
Журавель — самае простае, эканамічнае і доўгачасовае прыстасаванне. Начэпіш на кручок вядро — і, перабіраючы рукамі шэст, выцягнеш яго з калодзежа. І так кланяецца бясконца “журавель”, каб напаіць сям’ ю і гаспадарку, паліць агарод.
Вёска не багата на знакамітых землякоў. Тут 1 красавіка 1937 года нарадзіўся Аляксей Іванавіч Балтоўскі — майстар спорту міжнароднага класа, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
Затое Мыслеўшчына шчодрая на руплівых гаспадароў.
Нягледзячы на свой паважаны ўзрост (а ўсе мыслеўцы пенсіянеры), вяскоўцы трымаюць гаспадарку і працуюць на зямлі.
Сярод іх — стараста вёскі Клаўдзія Кірылаўна Ігнацьева са сваім гаспадаром Яўгенам Фёдаравічам. Гаспадыня ўсё жыццё адпрацавала ў сельскім клубе і бібліятэцы. Гаспадар — інвалід Савецкай Арміі. Ён добры цясляр і ўвесь час майстраваў што-небудзь дома: рабіў сані, калёсы, дугі. За сваё жыццё зрубіў нямала хат, хлявоў і лазняў. Яўген Фёдаравіч — нашчадак пчаляроў, трымае невялічкую пасеку. Сорак пяць гадаў Ігнацьевы жывуць у хаце, якую самі збудавалі, калі пачалі сумеснае жыццё. Зараз трымаюць коз, курэй, парсюкоў.
Самая старэйшая жыхарка вёскі — Вольга Іванаўна Буракова. Ёй ужо 93 гады. Жыве яна са сваёй дачкой Зінаідай Каролька. Зінаіда Мікалаеўна вельмі любіць вышываць. У доме ўсё ўпрыгожана вышыванкамі. Зараз яна перадае сваё майстэрства ўнучкам. Сама ж Вольга Іванаўна дапамагае па гаспадарцы, корміць курэй і вартуе іх ад драпежных птушак.
Васіль Парфенавіч Раманаў паспявае ўсюды: і па грыбы схадзіць увосень, і па гаспадарцы ўправіцца, і рыбу павудзіць. Як кажа Васіль Парфенавіч, раней ён не дужа цікавіўся рыбалкай. Калі ж пайшоў на заслужаны адпачынак, то амаль кожны дзень праводзіць на возеры. Хоць на гадзіну, але абавязкова завітае на вадаём.
З Раісай Васільеўнай ён пазнаёміўся ў суседняй вёсцы, калі маладая дзяўчына прыехала з Магілёва на адпрацоўку ў Сідараўскі радыёвузел. Калі ж у 1964 годзе радыёвузел закрылі, яна пайшла працаваць на Сідараўскую жывёлагадоўчую ферму. А вось гаспадар усё жыццё адпрацаваў механізатарам.
Якраз у цэнтры вёскі стаіць дом Пятра Васільевіча і Марыі Іванаўны Ігнацьевых. Абое адпрацавалі па шмат год у роднай гаспадарцы: ён — трактарыстам у эксперыментальнай базе “Раднянская”, яна — даглядчыцай на Сідараўскай жывёлагадоўчай ферме. Зараз абое на пенсіі. Трымаюць вялікую гаспадарку: карову, каня, парсюкоў, курэй, качак і індыкоў (індыкоў, дарэчы, больш за 20 асобін). Прапанаваў завесці гэтую птушку Пётр Васільевіч гадоў дваццаць таму. Да смаку прыйшлося сям’і індычынае мяса.
— А як любяць забаўляцца з індыкамі нашы пяцёра ўнукаў! — кажа Марыя Іванаўна.
Мікалай Аляксеевіч Ражноў яшчэ ў 60-я гады прыгледзеў сабе дзяўчыну Раісу з Недзведзі. І ўжо колькі год яны разам! Выхавалі дваіх дзетак, а зараз ужо і пяцёра ўнукаў маюць. Раіса Мікалаеўна працавала спачатку даяркай, а потым даглядчыцай жывёлы на мясцовай ферме. Гаспадар быў пастухом, а затым — вартаўніком.
Жыве ў вёсцы і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Падгурскі. Трое сыноў пакінулі роднае гняздо ўжо даволі даўно, але не забываюць наведваць свайго бацьку. Міхаіл Барысавіч — былы кулямётчык, якому давялося прымаць удзел у аперацыі “Багратыён”. 86-гадовы ветэран узнагароджаны медалём «За Перамогу над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», ордэнам Айчыннай вайны II ступені і шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі.
Для таго, каб зразумець, чаму людзям так дорага гэтая невялічкая вёска, мясцовыя жыхары раюць прыехаць да іх летам. Свежае паветра і маляўнічыя пейзажы, адчуванне свабоды і раскаванасці — чаго так не хапае сучаснаму гараджаніну, калі тут усё ў кветках і зелені, а ў цэнтры клякочуць буслы, нібы кажучы: “Жыве вёска — жывём і мы!”
Дар’я Эверс.