Адраджаць і захоўваць

Адраджаць і захоўваць

Яна родам з вёскі Высокае. Вырасла на песнях бабулі Матроны Сямёнаўны Грышанавай. З дзяцінства ёй, удзельніцы шматлікіх вясковых свят, знаёмы ўсе традыцыі роднага краю. Марыла аб тым, каб стаць актрысай. І хоць таму не суджана было ажыццявіцца, Людміла ўсё роўна рэалізавала сябе на культурнай ніве.
Спачатку вучылася ў Мінскім інстытуце культуры, затым скончыла Магілёўскае вучылішча мастацтваў. Маючы дзве спецыяльнасці, вось ужо 26 гадоў з’яўляецца метадыстам раённага цэнтра культуры. Спатрэбіліся і веды па рэжысуры народных абрадаў. Яе захапляюць нетрадыцыйныя формы мерапрыемстваў. Працуючы над сцэнарыямі вялікіх свят, любіць сустракацца з цікавымі людзьмі, адкрываць іх унутраны свет.
— Я заўсёды лічыла, што культура любой краіны базіруецца на народных традыцыях, — гаворыць Людміла Вароніна. — Значыць, іх неабходна адраджаць, захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Толькі так мы зберажом свае карані, свой твар. Мне даводзілася бываць у Турцыі, Галандыі, Бельгіі, Італіі. З назіранняў за турыстамі зрабіла вывад: яны гатовы плаціць немалыя грошы за тое, каб дакрануцца да творчасці народа — духоўнага багацця той ці іншай краіны. Гэта ж адбываецца і ў Беларусі. Згадзіцеся, усім нам трэба больш цікавіцца мінулым сваёй малой радзімы, ведаць сваіх продкаў.
Яшчэ ж Людміле Васільеўне вельмі хочацца, каб у культуру прыходзіла як мага менш выпадковых людзей. А было больш такіх, як, скажам, Галіна Васільеўна Брыкава, Святлана Аляксееўна Ліннік, якія для яе — прыклад заўсёды і ва ўсім.
Валянціна КРЫНІЧНАЯ.