Вёска з мілагучнай назвай

Вёска з мілагучнай назвай

Вёску Свірэль ад Клімавіч аддзяляюць тры кіламетры. Тут вам і сёння скажуць, што хутар, які першапачаткова ўзнік на правым беразе ракі Сасновіца, насіў назву Пуцявішча. Потым яна была забыта. Увогуле паселішча некалькі разоў пераймяноўвалася.
Быў час, калі хутар называўся Свірэллю. Гэта ад таго, што гаспадаром яго быў майстар па вырабу такога музычнага інструмента, як жалейка (на рускай мове — «свирель»). Мілагучная назва прыжылася.
Свірэллю стала і вёска, якая пазней узнікла на левым беразе ракі. Свірэльскім быў таксама маёнтак мясцовага пана (у яго склад уваходзілі Свірэльскі і Міхалінскі фальваркі, вёскі Свірэль, Зімніцы і Хацень).
Цяпер вёска дзеліцца такім чынам: левая яе частка называецца Свірэль, сярэдняя —Свішчова, а старажытнае Пуцявішча стала Пяцідвор’ем.
Яшчэ людзі вось што кажуць. Землі, дзе сёння знаходзіцца в. Свірэль, былі пакрыты лесам. Пан пабудаваў спіртзавод, а паколькі ён працаваў на дравах, на іх нарыхтоўку пайшло шмат лесанасаджэнняў. З’явіліся прасекі і вырубкі да самай ракі Сасновіца. Вызваленыя ад дрэў участкі прадаваліся сялянам. Тыя ж распрацоўвалі іх пад пасевы ці выкарыстоўвалі як пашы.
З пакалення ў пакаленне перадаецца расказ пра тое, што некалі ў гэтай мясцовасці жыў пастух. Кожную раніцу ён праходзіў пад вокнамі і граў на “свірэлі”, спяваў. Пачуўшы яго, людзі ўжо ведалі: трэба выганяць жывёлу на пашу. І вось аднойчы пастух згубіў сваю “свірэль” ля рэчкі, куды ганяў статак на вадапой. Штодня прыходзіў ён туды ў пошуках дарагой для яго рэчы. На пытанні, што страціў, адказваў адным словам — “свірэль”. А неўзабаве на тым беразе адна за адной сталі будавацца сялянскія хаціны. І назвалі пасяленне Свірэллю.
Паводле дакументаў, якія захоўваюцца ў раённым краязнаўчым музеі, гэта мясцовасць была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 26 верасня 1943 года. На жаль, адступаючы, ворагі часткова спалілі пасяленне (было гэта на Ўзвіжанне). Адбудаваліся ўжо пасля вайны. Вялікая Айчынная для Свірэльшчыны — гэта яшчэ і 52 жыхары, якія загінулі на фронце ці прапалі без вестак, 10 былі вывезены ў рабства.
На сённяшні дзень, як паведамілі нам у Гусаркаўскім сельсавеце, у Свірэлі і Свішчова налічваецца 60 двароў, дзе пастаянна пражываюць 135 чалавек (20 дзяцей, 72 працаздольных і 43 пенсіянеры).
Вясковы стараста Валянціна Аляксандраўна Фамянкова лічыць, што многія заслугоўваюць таго, каб пра іх сказалі добрае слова. Але сёння мы маем магчымасць пазнаёміць вас, шаноўныя чытачы раёнкі, толькі з некаторымі.

БАГАЦЦЕ БАБУЛІ НАСТАССІ
Ад самага нараджэння жыве ў вёсцы Анастасія Пятроўна Міхеева. 85 гадоў. Тут замуж выйшла, дзяцей прычакала. Муж рана пайшоў з жыцця, таму траіх дачок падымаць на ногі давялося бадай што адной. Працавала ў саўгасе і трымала немалую падсобную гаспадарку. Пры ўсім гэтым знаходзіла ўвішная жанчына час на любімыя заняткі — вышыванне, вязанне, чытанне кніг. Бог на-дзяліў добрым зрокам, і яшчэ сёння акуляры ёй без патрэбы.
Багацце бабулі Настассі не толькі ў яе гадах. Мае яна пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў (пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак). Гледзячы на іх, радасцю свецяцца вочы жанчыны.

КАЛІ Ў ДОМЕ МІР І ЛАД
Сям’я Аляксея і Ніны Старасціных — прыклад таго, як можна жыць душа ў душу на працягу не аднаго дзясятка гадоў. Іх саюз інтэрнацыянальны: ён — ураджэнец гэтай вёскі, а яна — украінка. У саўгасе “Клімавіцкі” Аляксей Пятровіч быў электрыкам, потым — галоўным энергетыкам і амаль дзесяць гадоў з’яўляўся старшынёй Гусаркаўскага сельвыканкама. Да любой працы ставіўся добрасумленна, з усёй адказнасцю. Тое ж кажуць людзі і пра Ніну Афанасаўну, якая рабіла ў саўгасе.
У справах, жыццёвых клопатах імкліва праходзілі гады. Дочкі неўпрыкмет павырасталі і, пакінуўшы роднае гняздо, звілі свае, такія ж утульныя і шчаслівыя: Наталля — у Клімавічах, Алена — у Асіповічах. Дзеці, унукі (а іх у бабулі з дзядулем чацвёра — Ксюша і Ягорка, Яраслаў і Валера) да родных прыязджаюць у вёску.

ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ
Гэтым могуць пахваліцца муж і жонка Мініны. Аляксандр Канстанцінавіч больш за трыццаць гадоў працуе вадзіцелем. Апошнім часам у падсобнай гаспадарцы ЛГЗ ён з’яўляецца нязменным лідэрам у час уборкі хлеба. Нямала Ганаровых грамат, каштоўных падарункаў атрымаў сапраўдны хлебароб за сваё жыццё.
Кацярына Аляксееўна прысвяціла сябе педагагічнай справе, закончыўшы Магілёўскае педвучылішча і завочнае аддзяленне педінстытута імя А.Куляшова. У яе працоўнай кніжцы адзіны запіс: настаўнік рускай мовы і літаратуры Гусаркаўскай школы (восьмігодкі, затым — базавай).
Бацькі рабілі ўсё, каб і іх дзеці — сын і дачка — абралі прафесію па душы. Цяпер бабуля і дзядуля больш жывуць клопатам пра ўнукаў.

ДЗЕТКІ — ТЫЯ Ж КВЕТКІ
Для Аляксея і Наталлі Лявонавых асноўная задача заключаецца ў тым, каб вырасціць сваіх дзяцей у нармальнай сямейнай абстаноўцы, даць ім пуцёўку ў самастойнае жыццё. Старэйшы Іван ужо вучыцца на электрыка, Жэня — шасцікласнік трэцяй гарадской школы. Машы ж яшчэ толькі чатыры годзікі, і бацькі водзяць яе ў дзіцячы сад “Івушка”.
Аляксей Уладзіміравіч і Наталля Яўгенаўна разумеюць, што ў выхаванні іх асабісты прыклад адыгрывае галоўную ролю. Таму стараюцца бадай да ўсіх спраў, якімі самі займаюцца, прыцягваць і дзяцей.
* * *
Што аб’ядноўвае гэтых лю-дзей? Думаецца, найперш — любоў да роднага краю, да зямлі, на якой прыемна працаваць, жыць, гадаваць дзяцей…
Любоў СТАРАСЦІНА,
бібліятэкар Свірэльскай бібліятэкі.
Валянціна КВАРЦЮК.

На здымку: муж і жонка Старасціны.