Сардэчна запрашаем у Грышын Клімавіцкага раёна

Сардэчна запрашаем у Грышын Клімавіцкага раёна

З ГІСТОРЫІ
Вёска Грышын, што ў Родненскім сельскім Савеце, знаходзіцца за 15 кіламетраў ад Клімавіч і за 139 кіламетраў ад Магілёва. Рэльеф раўнінны. На паўднёвай ускраіне населенага пункта цячэ р. Лабжанка (прыток ракі Сож).
Узнікла вёска ў ХVIII стагоддзі. Старажылы кажуць, што назва пайшла ад пана Грышына, які валодаў гэтымі землямі.
У 1762 годзе сяло ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Было шляхецкай уласнасцю. Праз 18 год Грышын увайшоў у Клімавіцкі павет Магілёўскай губерніі. На той час у ім было 10 двароў, у якіх пражывала 58 жыхароў, а ў 1811 годзе ўжо засталося толькі 7 двароў і 14 жыхароў мужчынскага полу.
Гаспадар маёнтка Грышын меў у 1870 годзе ў вёсках Грышын і Зарой 309,5 дзесяцін зямлі. У 1880 годзе ў населеным пункце налічвалася 22 двары, 140 жыхароў. Частка вяскоўцаў займалася кавальскім промыслам. Некаторыя вырошчвалі расаду капусты і прадавалі яе. У 1897 годзе насельніцтва паболела: 213 жыхароў жылі ў 25 дварах. Меўся і фальварак, у якім быў адзін двор з 12 жыхарамі. На пачатку ХХ стагоддзя ў Грышыне налічвалася 30 двароў і 214 жыхароў. У фальварку было 3 двары, 18 жыхароў.
У 1920 годзе дзейнічаў вадзяны млын. З 20 жніўня 1924 года вёска знаходзілася ў Родненскім сельскім Савеце Клімавіцкага раёна Калінінскай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года па 26 ліпеня 1930 года — у Магілёўскай акрузе, а з 20 лютага 1938 года ўвайшла ў Магілёўскую вобласць. У 1926 годзе ў вёсцы — ужо 40 двароў, 266 жыхароў. У пачатку 1930 года вяскоўцы ўступілі ў калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, з сярэдзіны жніўня 1941 г. да 28 верасня 1943 г., Грышын акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пасля вайны насельніцтва змяншаецца. У 1970 годзе налічваецца 18 гаспадарак з 46 жыхарамі. У 2007 годзе — 7 гаспадарак, 12 жыхароў, а зараз — 4 гаспадаркі, у якіх пражывае 6 жыхароў, усе пенсіённага ўзросту.

СТАРАЖЫЛЫ ВЁСКІ ГРЫШЫН
Планіроўка вёскі ўяўляе кароткую, прамалінейную вуліцу, да якой далучаецца яшчэ адна невялікая дугападобная вуліца. Забудавана двухбакова, шчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Жывуць у ёй добрыя і ветлівыя людзі.
Семдзесят першую вясну сустракае ў Грышыне Васіль Аляксеевіч Абраменка.
Васіль Аляксеевіч Абраменка.
— Тут я нарадзіўся, хрысціўся і ажаніўся. Усё маё жыццё прайшло ў гэтым населеным пункце. Радней за яго мне не знайсці.
Хоць і жыве Васіль Аляксеевіч ужо колькі гадоў адзін, але ў планах яго няма пераезду да дзяцей.
— Пакуль сілы ёсць, буду тут, — кажа мужчына.
Усё жыццё селянін працаваў трактарыстам у эксперыментальнай базе «Раднянская». Спачатку — на трактары МТЗ-2, затым — на ДТ-54. У перыяд жніва ўпраўляў камбайнамі «Дон», «Ніва», «Палессе». Быў добрым працаўніком. Памочнікаў у камбайнёра было шмат. А калі падраслі сыны, сталі працаваць побач з бацькам. Пазней вясковец перадаў сваё майстэрства сыну Уладзіміру. Цяпер ён, перадавы механізатар эксперыментальнай базы «Раднянская», працягвае справу бацькі. Другі сын, Аляксандр, робіць вадзіцелем у той жа гаспадарцы.
Ёсць у Васіля Аляксеевіча хобі — ён любіць граць на гармоніку. Гэта ў яго ад бацькі. Навучыў і сына Аляксандра.
А яшчэ Васіль Аляксеевіч сябруе з раённай газетай «Родная ніва». Без яе пенсіянеру не абысціся.
— Сяду на лавачцы і чытаю навіны, — кажа мой субяседнік. — Прыемна ўбачыць на старонках раёнкі нарысы пра тых, з кім доўгі час працаваў. Даведацца, хто і як зараз працуе. У газеце ёсць усё: праграма тэлеперадач, апошнія навіны, нарысы пра землякоў.
Самай старэйшай жыхарцы вёскі Ірыне Сяргееўне Яфрэменка 88 год. Сіл і энергіі ў яе хоць адбаўляй. Таму і стараста вёскі.
Анатоль Міхайлавіч Байкоў  з  Ірынай  Сяргееўнай Яфрэменка.
Нарадзілася жанчына ў в.Зарой. Сям’ю раскулачылі, а бацьку саслалі ў Сібір. Больш яго Ірына не бачыла. Дзед забраў маці з дзецьмі да сябе ў Грышын. Тут яна выйшла замуж. Нарадзіла шасцярых дзетак, за што адзначана ўзнагародай «Медаль мацярынства». Калі памёр муж Ірыны Сяргееўны, малодшаму з дзяцей было дванаццаць год. Усіх дзетак яна сама падымала.
Больш за 40 гадоў жанчына аддала рабоце ў паляводчай брыгадзе мясцовага калгаса. Працавала сумленна, як вучылі дзяды і прадзеды. Гэтак жа і дзяцей выхавала: працавітымі і шчырымі. Зараз у Ірыны Сяргееўны 10 унукаў і 5 праўнукаў.
Шмат год жанчына «росціць» царкоўную свечку «Міраносіцу» (велізарны цыліндр з воску). Зверху на яго ўстаноўлена тоненькая свечка, унізе надзета «кашуля», пашытая ўручную з тканіны. Кожны год Ірына Сяргееўна дабаўляе туды воску. Бярэ яго ў знаёмых пчаляроў. Гэтай традыцыi яе навучыў дзед, а яго — бацька, а таго — ягоны дзед… І так амаль пяцьсот год!
Пасля Вялікадня ішлі ў царкву, дзе ў гэты дзень адзначалася хрысціянскае свята Жанчын-міраносіц. Напярэдадні да гаспадара, які «гадаваў» свечку, сыходзiлiся ўсе дарослыя. Накрывалi стол, малiлiся Богу. Потым аблеплiвалi воскам свечку. Ранiцай iшлi з ёй у царкву i асвячалi. Толькi пасля гэтага яна перадавалася ў суседнi двор — на цэлы год. Так яна вандравала з хаты ў хату i пакрыху «расла».
— «Міраносіца» мяне беражэ ад злых людзей i няшчасця. Калі пакрыўдзiць хто моцна, тады малю «мiраносiцу» прабачыць таму чалавеку за яго грахi, а мне даць палёгку, — кажа Ірына Сяргееўна. — Дзяцей прашу толькi аб адным: як памру — запалiце свечку, i няхай яна гарыць, пакуль мяне на могiлкi не панясуць. Потым яе трэба аднесцi ў царкву i аддаць бацюшку. Такi мой наказ.
Часта наведвае пажылую жанчыну аднавясковец Анатоль Міхайлавіч Байкоў. Родам ён з Рэспублікі Комі. У Беларусь яго прывяло каханне: жонка была родам з Грышына (13 год таму Валянціна Дзмітрыеўна памерла). Працаваў жа мужчына ў мясцовай гаспадарцы механізатарам. Разам з жонкай вырасціў дваіх дзяцей, а зараз яго радуюць двое ўнукаў і праўнук.
Грышын — унікальнае месца, дзе людзі адчуваюць сябе вельмі добра. І справа не толькі ў «духоўнай» атмасферы, але і ў прыродзе . Прычына — у мясцовым клімаце.
Ці паверыце: самае вялікае задавальненне для грышынцаў — выйсці ў поле, у лес непадалёк і проста любавацца прыродай ні пра што не думаючы.
Дар’я АЛЯКСАНДРАВА.