ПАМЯЦІ КАЛЕГІ І СЯБРА

ПАМЯЦІ КАЛЕГІ І СЯБРА

20 ліпеня не стала нашага калегі і сябра Мікалая Мікалаевіча ГЛУЗДОВА.
Нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч 31 кастрычніка 1952 года ў вёсцы Панкратаўка Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
Сваю творчую і прафесійную дзейнасць пачынаў фотакарэспандэнтам у Клімавіцкай раённай газеце “Новае жыццё” ў далёкім 1974 годзе. Да гэтага малады чалавек скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Папрацаваць давялося ўсяго некалькі месяцаў — хлопца прызвалі на службу ў Савецкую Армію.
У 1975 годзе, пасля вайсковай службы, Мікалай Глуздоў зноў прыйшоў у рэдакцыю, дзе яму даверылі пасаду загадчыка аддзела пісем і масавай работы.
З 1989 па 1992 год Мікалай Мікалаевіч узначальваў сакратарыят. А потым, да апошніх дзён жыцця, працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя Клімавіцкай раённай газеты “Родная ніва” і праграмы радыёвяшчання “Голас Клімаўшчыны”.
Больш за дзесяць гадоў Мікалай Мікалаевіч з’яўляўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Ды інакш і быць не магло, бо вопытны журналіст дасканала ведаў жыццё, заўсёды ішоў да людзей, каб дапамагчы ім вырашыць тую ці іншую праблему. І ў сваёй установе Мікалай Мікалаевіч узначальваў прафсаюзны камітэт.
Доўгі час Мікалай Мікалаевіч прымаў актыўны ўдзел у рабоце камісіі па справах непаўналетніх. Ён умеў закрануць патрэбныя струны чалавечай душы.
Мікалай Глуздоў аднолькава выдатна, на высокім узроўні, пісаў і аналітычныя артыкулы, і задзёрыстыя крытычныя нататкі, і лірычныя замалёўкі пра сучаснікаў.
Наш калега і сябра быў добразычлівым і адкрытым чалавекам, з якім можна было шчыра пагутарыць, папрасіць парады. Ён быў вялікі жыццялюб, з добрым і тонкім гумарам. З-пад рукі паэта выходзілі цудоўныя вершы пра родную Беларусь і людзей, якія тут жывуць.
Сябраваў з гітарай. Колькі цудоўных песень было напісана і выканана ім!
Памяць пра таленавітага журналіста, цікавага чалавека, добрага сябра мы будзем берагчы ў нашых сэрцах!
Супрацоўнікі і ветэраны ўстановы “Рэдакцыя Клімавіцкай раённай газеты “Родная ніва” і праграмы радыёвяшчання “Голас Клімаўшчыны”.