Свята першага снапа на Клімаўшчыне

Свята першага снапа на Клімаўшчыне

У філіяле «Ніва-Агра» ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў» звычайна першымі пачынаюць веснавую сяўбу, яны ж нярэдка адкрываюць і жніво. Таму і раённае свята першага снапа — Зажынкі — праводзілася менавіта ў гэтай гаспадарцы, дзе ўжо часткова паспела збажына.
— Хлеб лёгка не даецца, — адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Судзілоўскі. — Каб быў высокі ўраджай летам, на яго трэба добра папрацаваць восенню і вясной, дагледзіць пасевы. Доўгі шлях да стала хлебнага каравая. Працаўнікам раёна трэба ўбраць 18000 гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты, камбайнёры, вадзіцелі — калі кожны чалавек будзе адказна выконваць сваю справу, то пастаўленую задачу мы выканаем і будзем з багатым ураджаем.
Аляксандр Пятровіч пажадаў хлебаробам моцнага здароўя, поспехаў у працы, высокіх намалотаў.
Як сказаў кіраўнік філіяла Аляксандр Ківель, у гаспадарцы пасеяна 2970 збожжавых і зернебабовых культур. Убіраюць іх 12 камбайнаў. Рапс ужо скончылі, выканалі дзяржплан.
Усе сялянскія работы важныя, а жніво — найважнейшая з іх. Гонар і пашана тым людзям, хто вырасціў хлеб. Убраць яго трэба ў тэрмін, без страт. Таму, як падкрэсліў Аляксандр Антонавіч, вельмі важна ўзаемадапамога.
— Мы першымі скончым жніво — дапаможам вам, вы ўправіцеся раней — дапамажыце нам, — прапанаваў кіраўнік.
Належнай зарплаты, бяспечнай працы, высокіх узнагарод пажадаў хлебаробам старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрама Пётр Грышанаў. Напомніў, што традыцыйна жніво знаходзіцца ў цэнтры ўвагі прафсаюзаў. Вынікі працы будуць падводзіцца штодзённа, штотыднёва і ў канцы жніва.
Лідэр раённай моладзі Таццяна Меньшыкава звярталася ў першую чаргу да маладых.
— Моладзь — гэта энтузіязм, задор, імкненне да лідэрства, — сказала яна. — Вам даверана добрая, разумная тэхніка — акуратна, рацыянальна эксплуатуйце яе.
Пранікнёная малітва за людзей, блаславенне на добры ўраджай прагучала з вуснаў настаяцеля Свята-Міхайлаўскага храма айца Інакенція. Перад пачаткам адказнай працы бацюшка шчодра акрапіў святой вадой механізатараў, тэхніку, кіраўнікоў гаспадарак — усіх, хто меў дачыненне да жніва, хто прысутнічаў на свяце.
Блаславенне на плённую працу
Паплыла над полем музыка. Абрад зажынак правялі ўдзельнікі мастацкай самазейнасці Раднянскага Дома культуры.
“…Выйшаў у поле серп”, — так, з павагай да сялянскай прылады працы, казалі даўней. Зараз на шырокія палі выходзяць не жнеі з сярпамі — магутная, руплівая тэхніка. І першымі на хлебную ніву ў гэтым годзе вывелі свае камбайны экіпажы філяла “Ніва-Агра”: Васілій Бяляеў і Міхаіл Бабашка, Сяргей Гаробчанка і Мікалай Бабашка, бацька і сын Віталій і Дзмітрый Хомчанкі.
Жніво стартавала. Плённай вам працы, хлебаробы!
Галіна Цыганкова.
Свята першага снапа на Клімаўшчыне