Педагог з Клімавіч адзначана Дыпломам. Віншуем!

Ва ўстанове адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі” адбыўся конкурс метадычных распрацовак, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова. Прыемна, што адной з пераможцаў стала настаўнік роднай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўстановы адукацыі “Клімавіцкая раённая дзяржаўная гімназія імя І.С. Нікалаева” Г. І. Мачахіна.
Галіна Іванаўна — таленавіты, творчы педагог. Кожны яе ўрок вызначаецца высокім пазнавальным, развіваючым і выхаваўчым узроўнем. Метадычная распрацоўка ўрока па беларускай літаратуры ў 8 класе “Балада Аркадзя Куляшова “Маці” — не выключэнне. Таму па выніках раённага конкурсу Галіна Іванаўна атрымала Дыплом першай ступені. А журы абласнога конкурсу адзначыла нашага настаўніка Дыпломам трэцяй ступені.
Жадаем педагогу далейшай плённай працы!
Наталля ЗУЙКОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце раённай гімназіі.