20 лепшым маладым суайчыннікам уручылі пашпарты

20 лепшым маладым суайчыннікам уручылі пашпарты

На днях у актавай зале раённага цэнтра культуры адбылося свята, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асноўны Закон, які рэгулюе прынцыпы жыццядзейнасці нашага грамадства, быў прыняты 15 сакавіка 1994 года Парламентам краіны. У Канстытуцыі заканадаўча замацаваны правы і абавязкі кожнага з нас. Стала добрай традыцыяй правядзенне Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”. У час яе правядзення лепшым маладым суайчыннікам уручаюцца пашпарты.
Ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня Клімавіцкага райвыканкама Васіль Захарэнка ўручыў галоўны дакумент дваццаці юным клімаўчанам. Васіль Аляксеевіч таксама павіншаваў прысутных у зале са святам. Ён нагадаў моладзі, што трэба паважаць Канстытуцыю так, як маладыя людзі паважаюць сябе і сваю краіну.
Старшыня райвыканкама пажадаў удзельнікам мерапрыемства дабрабыту, міру і новых творчых дасягненняў. Са святам клімаўчан віталі ветэран працы Мікалай Кавалёў, ганаровы грамадзянін Клімавіцкага раёна Віктар Шапараў. Ад піянерскай арганізацыі раёна слова брала Лізавета Сапожнікава, ад маладых клімаўчан, якія атрымалі пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь выступіў Дзмітрый Яфрэмаў.
Канцэртныя нумары ў выкананні Наталлі Абраменкі, Дзяніса Ларкіна, вакальнага трыа, узорнага харэаграфічнага калектыву “Жывіца”, Яны Пракоф’евай, інструментальнага ансамбля “Лабжаначка”, Аліны Кошалевай, вакальнага ансамбля сярэдняй школы № 3 г. Клімавічы, Нікіты Барсукова спадабаліся ўсім прысутным у зале.
Вядучымі ўрачыстасці былі Тамара Давыдова і Аляксандр Глуздоў.
Нікіфар МІНЧАНКА.
20 лепшым маладым суайчыннікам уручылі пашпарты
Васіль Захарэнка ўручае пашпарт Аселі Абулхаіравай.