Будзе хлеб

Сонейка прачнецца рана,
Хлебароб — яшчэ раней.
Завіхаюцца старанна —
Невядома, хто мацней.

Сонейка снягі растопіць,
Потым высушыць зямлю.
Хлебароб засее зернем
Узараную раллю.

Цёплы дожджык праліецца,
Жыватворны дасць глыток —
Хай хутчэй з зямлі праб’ецца
Тонкі, кволенькі расток.

Паімчацца дні бясконца,
Стане ніва падрастаць.
Зноўку хлебароб і сонца
Будуць разам шчыраваць.

Будуць разам песціць ніву,
Песціць кожны каласок.
Летні ветрык клапатліва
Падпярэжа паясок —

Не згінайся, не ламайся,
Буйны колас нараджай,
Смела сонцам налівайся
На высокі ураджай.

Што заўжды Радзіма з хлебам,
Што духмяны ёсць пірог,
Шчыра дзякуем табе мы,
Працавіты хлебароб!
Галіна Цыганкова.