Хто злавіў залатую рыбку?

Хто злавіў залатую рыбку?

Цудоўны дзянёк і цудоўныя прызы! Той, хто прыйшоў на раённыя спаборніцтвы па лоўлі рыбы “Залатая рыбка”, што праходзілі ў адну суботу на гарадской сажалцы, у гэтым упэўніўся. Але больш за ўсё пашанцавала пераможцам: за тыя дзве гадзіны, што былі адведзены рыбакам, яны вылавілі па… новенькай вудзе! Менавіта такія прызы падрыхтавала Клімавіцкая РАС рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.
Лоўля рыбы праводзілася адной вудой на адзінарны кручок. Даўжыня лёскі, вага і форма грузілаў і плаўкоў адвольныя. Дазвалялася аснашчаць вудзільна прапускнымі колцамі з катушкамі. Колькасць запасных вудзільнаў і снасцяў не абмяжоўвалася.Можна было праводзіць прыкорм рыбы.
Перад пачаткам спаборніцтваў правялі лёсаванне: вызначыліся з сектарамі. Потым усе разышліся па сваіх месцах. І вось — старт! Дзейства пачалося.
Здавалася б, словы “спартыўнае спаборніцтва”, “чэмпіянат” маюць сваёй перадумовай хуткасць, імклівасць, прыкладванне неймаверных намаганняў. А тут… Ціхая пяшчота восеньскага сонейка, лёгкія павевы соннага ветрыка, сіняя роўнядзь вады, цішыня… Нават жабы не парушалі яе сваім кваканнем, хоць было іх тут процьма і яны жвава скокалі ў ваду разам з жабянятамі пры набліжэнні чалавека.
Між тым, нашы рыбакі-аматары не драмалі. Хоць — якія яны аматары? У кожнага (як высвятлілася) за плячыма не адзін год рыбалоўнага вопыту. Самы малодшы — дзевяцікласнік Мікіта Ткачоў. Вудзіць, як прызнаўся, з пяцігадо- вага ўзросту і кожную вольную хвіліну стараецца праводзіць на вадаёме. А пацягнуўся да рыбнай лоўлі за дзядулем Васілём Андрэевічам Асіпенкам. Самы вялікі ўлоў, на яго думку, — карась на 1900 грамаў, якога спаймаў гады два назад на так званай Бальнічцы.
Самым старэйшым удзельнікам (і адзінай жанчынай) з’яўлялася Ніна Аляксандраўна Карнеенка. Яна на пенсіі, але не на адпачынку — працягвае працаваць у “Жылкаме”. Як кажа сама, з вудой і спінінгам сябруе гадоў трыццаць. Рыбалка, лічыць, — цудоўны адпачынак. Яна ж не дае і ленавацца, бо даводзіцца ўставаць раненька, каб нешта спаймаць. Яна загартоўвае, бо ты знаходзішся на прыродзе і залежыш ад надвор’я.
І, калі разабрацца, рыбалка — гэта сапраўды спорт (нездарма ж праводяцца чэмпіянаты свету па рыбнай лоўлі!). Яна патрабуе вынослівасці і, пажадана, добрага здароўя, каб выседзець доўгія часы на беразе вадаёма, у камарах, у спякоту і ў халадэчу (не кажу ўжо пра зімовую рыбалку); яна патрабуе цярплівасці, вытрымкі, назіральнасці. І, канечне, умення і спецыяльных ведаў. У кожнага рыбака — свае сакрэты і свае прыёмы, свае маленькія хітрыкі. А ўжо ж колькі азарту, калі бярэцца рыба!
На нашых спаборніцтвах першай удача ўсміхнулася Аляксандру Пруднікаву — мільгануў у паветры і бліснуў на сонейку невялікі акунёк. Затым пашанцавала і Дзмітрыю Сакольніцкаму. Дарэчы (што мяне, па праўдзе, здзівіла), рыбакі хоць і былі захопленыя ўласнымі вудачкамі, але ж паспявалі прыкмячаць, хто, калі, ды яшчэ й каго! злавіў.
А цяпер пазнаёмімся з пераможцамі. Першае месца — Дзмітрый Сакольніцкі. Спецыяліст па кадрах ПМК-256. Мае шматгадовы рыбалоўны стаж. Лічыць, што на рыбалку надвор’е не ўплывае. Ці замінае захапленне ў паўсядзённым жыцці? “Пытайцеся пра гэта лепш у жонкі!” — усміхаецца рыбалоў. Пытаюся — чаму б не? Тым больш, што і жонка, і сын прыйшлі пахварэць за мужа і тату. “Не, не замінае, — рэзюмуе жанчына. — Наадварот, мабілізуе. Бо, каб пайсці на любімую рыбалку, муж стараецца перад гэтым хуценька парабіць усе неабходныя гаспадарчыя справы”. Дарэчы, і сын не лянуецца раненька ўставаць і нярэдка складае бацьку кампанію на прыродзе.
Хто злавіў залатую рыбку?
А.Пруднікаў.
Другое месца — Аляксандр Пруднікаў. Нягледзячы на тое, што спаймаў рыбку першым, у спаборніцтве стаў другім. Працуе ён на Клімавіцкім лікёрагарэлачным заводзе. Лавіў на маляўку. Перавагу на рыбалцы аддае спінінгу. У сваім актыве мае рыбак па некалькі кілаграмаў.
Хто злавіў залатую рыбку?
С. Малаковіч.
Трэцяе месца — Сяргей Малаковіч. Майстар вытворчага навучання Клімавіцкага аграрнага каледжа. Таксама мае немалы стаж у рыбацкай справе. А навучыўся вудзіць, як кажа, сам па сабе: паспрабаваў — спадабалася. Зараз жа ў вольную часіну яго так і цягне да вадаёма! Стараецца чытаць спецыяльную літаратуру, вышуквае нешта па інтэрнэце. Веды дапамагаюць амаль заўжды быць з уловам.
Што ж, добры рыбак, як кажуць, і ў лужыне рыбку зловіць.
Застаецца дадаць, што арганізатарамі спаборніцтваў былі Клімавіцкая РАС РД ГА“БТПР”, Клімавіцкая РАС “ДТСААФ”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы камітэт ГТ “БРСМ”.
Сакольніцкія ўсюды разам.
Галіна Цыганкова.