Запрашае старажытнае Заслаўе

6-7 верасня ў старажытным Заслаўі (Мінскі раён) адбудзецца Дзень беларускага пісьменства.
У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі ў Дзень беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычныя канферэнцыі і шэраг іншых цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў.
Заслаўе — летапісны Ізяслаў, Іжаслаў, Жаслаў. Згодна с летапісамі, пабудаваны ў канцы Х стагоддзя кіеўскім князем Уладзімірам Святаславічам, які аддаў яго жонцы, полацкай князёўне Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу, што з мячом заступіўся за маці. У гонар княжыча і быў названы горад.
Заслаўе старэйшае за Мінск больш чым на 80 год. Гэта адно з найбольш старажытных паселішчаў Беларусі, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне. За шмат вякоў горад быў не раз разбураны ворагамі — як іншаземнымі, так і падчас міжусобных войнаў князёў.
Да гістарычных выдатнасцяў Заслаўя адносіцца, перш за ўсё, старажытнае гарадзішча “Замэчак” на ўскрайку горада. На сёння ад умацаванага паселішча засталіся толькі невысокія валы. Ёсць у Заслаўі і высокія замкавыя валы, яны ўзвышаюцца ў цэнтры горада і абазначаюць месца, дзе калісьці стаяла адна з першых у Вялікім Княстве Лістоўскім фартэцый, пабудаваных па новаітальянскай сістэме.
Адчыняюць дзверы для вернікаў і турыстаў старадаўняя царква Праабражэння гасподня (былы Кальвінісцкі збор, збудаваны пасярод Заслаўскага замка (XI—XVIII стагоддзі), і Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (1774 — 1779 гг.)
Наогул жа, гэта сучасны прыгожы горад з насельніцтвам крыху больш за 14 тысяч чалавек, цэнтр турызму дзяржаўнага значэння. Падзелены на чатыры мікрараёны. Першы — гістарычны цэнтр. Другі — вытворчы, сацыяльна-пабытовы і жылы комплекс Беларускай занальнай вышуковай станцыі па птушкагадоўлі, другія ўстановы. Трэці — прамысловы цэнтр. Чацвёрты — жылы квартал катэджнага тыпу.
Падрыхтавала Галіна Цыганкова.