Галоўнае ў сям’і — паразуменне

15894Вось і восень развіталася з намі. Скончаны сельскія палявыя работы. Вяскоўцам можна крыху перавесці дух. Хоць тым жа механізатарам знойдзецца справа ў любы час: трэба рамантаваць тэхніку, рыхтаваць яе да вясны; трэба абслугоўваць фермы, дзейнасць якіх не спыняецца праз увесь год.
Гэтаксама ж, толькі ўзімку, мае магчымасць для перадыху і механізатар ААТ «Раднянскі» Леанід Міхайлавіч Новікаў. Зіма для вяскоўцаў — традыцыйны сезон адпачынку. На жаль, у гэты перыяд пусцее лес, а Леанід жа — заўзяты грыбнік. Таму любімай справай даво-дзіцца займацца ў сезон, похапкам.
На золаку, ледзь пачне віднець, Леа-нід усхопліваецца з пасцелі і, яшчэ не паснедаўшы, імчыць на машыне ў лес — па грыбы. Спяшаецца, бо трэба паспець назбіраць да работы, таму мае на ўсё якіх-небудзь пару гадзін. Але вяскоўцу шмат часу і не трэба: ёсць у мужчыны свае любімыя грыбныя мясціны, так што з добрым «уловам» ён бывае заўсёды. Давялося і мне пабачыць тую прыгажосць — цэлы вялізны кошык крамяных баравікоў, што назбіраў аднойчы гаспадар.
У гаспадыні, Алены Фёдараўны, ёсць свае невялікія сакрэты — як смачна прыгатаваць сабраныя мужам грыбкі, зрабіць нарыхтоўкі на доўгі час. А дзеці, Мацвей, Даніла і Мілана, цэняць іншыя матчыны прысмакі. Дзеткі, як тыя грыбочкі, адзін пад адзін: адпаведна маюць 4, 6 і 7 гадоў. Школьніцай з’яўляецца пакуль толькі Мілана, а хлопчыкі ходзяць у дзіцячы садок.
Чым любяць займацца дзеці? «Гарэзіць! — усміхаецца маці. — Але і па гаспадарцы штосць дапамагчы, у доме прыбрацца — таксама прывучаю». Дзятва з нецярпеннем чакае бацьку з працы, каб падзяліцца сваімі маленькімі навінамі. А той хоць і стомлены прыйдзе, але знойдзе і сілы, і час для дзяцей.
«Во ўжо пашанцавала мне з мужам! — прызнаецца Алена Фёдараўна. — З ім нават пасварыцца немагчыма. У сельгасарганізацыі з’яўляецца адным з лепшых працаўнікоў».
Муж — высокі, шыракаплечы, дужы, і — спакойны, рахманы, гаспадарлівы.
Знаёмыя яны з дзяцінства, аднакласнікі, абодва вучыліся ў Раднянскай школе, але да сумеснага жыцця ішлі не адзін год.
Леанід Міхайлавіч — з Семенаўкі. Там і зараз жывуць яго маці, Марыя Афанасьеўна, і сястра. Усяго ў сям’і было трое дзяцей. Алена Фёдараўна — з Грышына.
Бацька, Фёдар Трафімавіч Мельнікаў, працаваў трактарыстам, маці, Зінаіда Сяргееўна, — брыгадзірам. У бацькоў было чацвёра дзяцей: трое сыноў і дачка (малодшая).
Пасля васьмі класаў Алена паехала ва Украіну, дзе жылі родныя цёткі, ды і брат таксама ўжо атабарыўся там. Скончыла прафтэхвучылішча, працавала колькі гадоў на заводзе. Але пацягнула дадому, і яна вярнулася на Радняншчыну, уладкавалася дыспетчарам у эксперыментальнай базе «Раднянская». Леанід жа ўвесь час працаваў механізатарам. Вось так і дачакаліся яны адзін аднаго, у 2003 годзе пажаніліся.
Жывуць у доме, які дало сельгаспрадпрыемства. Дружная сям’я. Усе разам удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. Нават паспрабавалі сілы ў праекце «Валадар сяла», падчас якога мы і зрабілі гэты здымак.
Галіна Цыганкова.