Фэст экскурсаводаў

16501Мерапрыемства ў межах дабрачыннай бясплатнай акцыі Фэсту экскурсаводаў прайшло ў Клімавічах у мінулую нядзелю.
Шчыра кажучы, арганізатары крыху сумняваліся, ці будзе запатрабаваная такая акцыя ў нашым горадзе, тым больш — у выхадны дзень. Але клімаўчане прыйшлі актыўна. Напрыклад, на першую экскурсію, прысвечаную 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, сабралася 38 чалавек. Самымі актыўнымі былі вучні СШ № 3 (7 «А») і пачатковай школы (2 «Б»). Наталля Банышэўская расказала экскурсантам аб гісторыі горада ў гады ваеннага ліхалецця, а таксама пра клімаўчан, што ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны за нашу светлую будучыню. Удзельнікі фэсту прадоўжылі экскурсію з Наталляй Васільеўнай да алеі герояў у гарадскім парку.
У 11.00 клімаўчане і госці райцэнтра сабраліся каля будынка музея на экскурсію па гістарычнай частцы горада “За сівой смугой стагоддзяў”, якую паспяхова правёў навуковы супрацоўнік Аляксандр Галкоўскі. Ён пазнаёміў з гісторыяй і адметнай архітэктурай Клімавіч. Маршрут праходзіў па вул. Савецкая, плошчы Вялікага Кастрычніка, вуліцах Камуністычная, Карла Маркса і іншых.
Аматары прынялі ўдзел у актыўным адпачынку веласіпеднай агляднай экскурсіі “Клімавіцкі велашпацыр” па ўсім горадзе, правёў яе вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Пётр Шашкоў. Арганізатары Фэсту былі прыемна здзіўленыя ініцыятыўнасцю школьнікаў — моладзь сабралася раней за заяўлены час. 22 велааматара здзейснілі паездку ад музея з прыпынкамі каля помніка Леніну, на рацэ Калініцы, каля аграрнага каледжа, ваенкамата, райаграпрамтэхзабеспячэння. Экскурсію, з прычыны халоднага надвор’я, планавалася скончыць каля чыгуначнага вакзала, але, па жаданню экскурсантаў, Пётр Леанідавіч працягнуў далей — праз пераезд, лікёрагарэлачны завод, прадпрыемства электрасетак, райгаз, ліцэй і г. д. Самымі ініцыятыўнымі сталі навучэнцы СШ №1 і СШ № 3. За дзве гадзіны ўсе праехалі 12 кіламетраў 500 метраў па памятных мясцінах горада.
Завяршыла акцыю старшы навуковы супрацоўнік музея Алеся Мартыненка экскурсіяй па цэнтральных вуліцах горада.
Дар’я Эверс.

Нет постов для отображения