На сцэне — юныя “зорачкі”

16492Сапраўднае свята і добры настрой падаравалі гледачам, што сабраліся ў раённым цэнтры культуры, юныя артысты з дзіцячых садкоў раёна. Тут прайшоў 10, юбілейны, фестываль дзіцячай творчасці “Зорачкі-2015”. У перапоўненай зале — хлопчыкі і дзяўчынкі, таты і мамы, дзядулі і бабулі, педагогі і шаноўныя госці.
Вядучыя Святлана Бабічава, Алег Сцепаненка і іх маленькія памочнікі, выхаванцы дзіцячага сада “Рамонак” Ксюша Суворава і Мілан Музычэнка прадставілі ўдзельнікаў фестывалю. А гэта — юныя таленты з дзевяці дашкольных устаноў: “Бярозка”, “Сонейка”, “Елачка”, “Рамонак”, “Расінка”, “Светлячок”, “Церамок”, “Журавушка”, “Івушка”.
І вось святочнае дзейства распачалося. Заварожвалі гледачоў мілагучнае выкананне песень, дакладнасць танцавальных кампазіцый, прысвечаных роднаму краю, любімай Беларусі, а таксама жартоўных інсцэніровак малышоў. З замілаваннем успрымалі ў зале артыстычных матрошак, вясёлага самавара, жураў-лікаў, забаўных кацянят, мышак, якіх так грацыё-зна ўвасаблялі маленькія артысты. Цёплымі, удзячнымі апладысментамі суправаджалася кожнае выступленне “зорачак”.
16491Урачыстае ўзнагароджанне юных талентаў правялі члены журы: намеснік старшыні райвыканкама Кацярына Музычэнка, загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Глушакова, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лідзія Шашкова. Яны шчыра падзякавалі бацькам, педагогам за іх працу, пажадалі далейшых поспехаў у эстэтычным выхаванні дзяцей. Калектывы дашкольных устаноў удастоены дыпломаў, а юныя артысты атрымалі падарункі, ласункі.
Вядучыя выказалі шчырую ўдзячнасць раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, райкаму прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама бацькам за дапамогу ў арганізацыі свята.
Завяршаючым акордам фестывалю стала выкананая разам з залай песня “Гэта Беларусь мая!”.
Хай жа ніколі не змаўкае дзіцячы смех і заўсёды свеціць ласкавае сонейка!
Раіса Сяргеенка.