Па вёсцы танкі грукаталі

“Рана на смятанку зайшлі ў дзяреўню танкі, зайшлі, астанавіліся ў саду…” — спявала я малой дзяўчынкай на вясковай трасянцы песню пра савецкіх танкістаў, якую пачула ад дарослых. А “смятанка” была таму, што я, пяцігадовая малеча, проста не ведала, што такое світанак (на світанку). Смятанка ж мне была значна бліжэй, бо бацькі, безумоўна, мелі кароўку (таму і малачко, і смятанку, натуральна, мы мелі таксама). Спявала — як пачулася. А што? Можа, той “капітан бязвусы”, што ў песні, сапраўды з раніцы захацеў паласавацца смятанкай — таму і танкі ў вёску зайшлі? Пра іншыя (нямецкія) танкі, якія зайшлі зусім з іншай мэтай, расказвае наш зямляк Уладзімір Ільіч Сідарэнка.                                                                                                                                                           Жнівень 1941-га. Наша Перавалочня ўжо некалькі дзён пад немцамі. Яны ўсё ідуць і ідуць на ўсход.
Ужо добра ўднелася, калі к нам на двор прыбег мой сябрук Воўка:
— Кідай усё! Пойдзем на Цэнтр (так па-мясцоваму называлася галоўная — цэнтральная — вуліца, а мы жылі на Пасёлку). Там такая тэхніка! Чуеш, раве?
Я па загаду маці сек галлё. Заставалася ўжо нямнога, але ж Воўка тупацеў ад нецярпення нагамі і прыспешваў мяне:
— Потым, потым дасячэш! Нікуды тваё галлё не дзеніцца. Самае цікавае прапусцім!
“Так, сапраўды: цікавага прапускаць не варта, — падумаў я. — Ат, дасяку пасля!”
Я паклаў сякеру ў сенцы, “замкнуў” на драўляны сугак (палку) дзверы, і мы пабеглі.
Па дарозе да нас далучыліся Грышка і Колька — басаногая чацвёрка дзевяці-дзесяцігадовых хлапчукоў была ў зборы.
На бліжэйшых ад цэнтральнай вуліцах былі немцы. Яны адчувалі сябе гаспадарамі. Дымілі палявыя кухні — проста на агародах, за хатамі. Нізкія столікі, крэселкі, зэдлікі — сядзяць на іх фрыцы; некаторыя да пояса распранутыя (спякота! Мы таксама без кашуль, у адных ільняных штанах), гергечуць па свойму, смяюцца. Хтосьці каля калодзежа вадой абліваецца. Машыны бартавыя крытыя стаяць — заднія барты адкінуты. У адной на кузаве — патэфон, гучаць нямецкія песні. Немцы — усюды.
Мы паціхеньку, з асцярогай ідзём міма вайскоўцаў. Але яны і так не звяртаюць на нас ніякай увагі.
— Вось бы — наш самлёт, ды бомбу скінуў! Колькі б фашыстаў знішчыў! — выціснуў праз зубы Коля.
Спыніліся недалёка ад пера-крыжавання. Па дарозе цягнуліся цяжкія машыны, ішлі цегачы з гарматамі.
— Яккая тэхніка прэ! — пакруціў у здзіўленні галавой Грышка.
— З Мызы — ды ўсё на Макеевічы, — дадаў Воўка.
Стаім, назіраем, перамаўляемся:
— А якія гарматы! У жэрале можна хавацца!
— Ага: ствалы — як бочкі!
— З гэтай бочкі снарад вылятае, напэўна, як ступа, у якой маці таўчэ ячмень на кашу!
Мы зачаравана, шырока ад-крытымі вачыма сачылі за нябачанай ніколі тэхнікай. Круцілі галовамі.
На вуліцы паказаліся танкі: вялізныя, страшэнныя, яны цяжка прапаўзлі міма нас.
— На Маскву ідуць, — уздыхнуў Колька.
— Яны туды не дойдуць! — горача запярэчыў Воўка. — Не ўкусяць — зубы паламаюць немцы. Напалеон таксама на Маскву пёр, а пасля ледзь уцёк у сваю Францыю. Будзе і Гітлеру гэта!
Тым часам падышлі яшчэ хлапчукі — сабралася нас ужо з дзясятак.
І вось бачым: спыніўся рух — нешта наперадзе здарылася.
— Пойдзем, хлопцы, паглядзім, што там! — прапанаваў нехта.
Мы разбілся на групкі па тры-чатыры чалавекі і пачалі прасоўвацца ў галаву калоны. Калі дайшлі да канца вёскі, зразумелі, у чым прычына.
За вёскаю — невялікая наша рэчка, цераз яе — драўляны мост. Лёгкія калгасныя машыны масток вытрымліваў, а тут на яго — шматтонны цягач з вялізнай гарматай. Мост абрынуўся, гармата аказалася ў вадзе. Берагі стромкія — як выцягнуць?
…Мы паселі воддаль, на бугры, і бачылі ўсё.
Немцы сабраліся ў кучку, гергечуць (раюцца), махаюць рукамі ў бок вёскі. Адтуль паўзе танк. Пад’ехаў да рэчкі, спыніўся. Вылез танкіст. Вайскоўцы з ім аб нечым пагаварылі. Танкіст зноў залез у тэхніку. Танк зароў, папоўз да берага, крута нырнуў носам уніз, паціхеньку спусціўся ў ваду і хацеў выехаць на другі бераг. Але заглух. З люка хуценька вылез танкіст, а танк заліло вадой (вады было метры са два, ды яшчэ дно пад такой махінай прасела).
Ад калоны аддзяліўся яшчэ адзін танк. Развярнуўся ў бок вёскі і паехаў да першай хаты, спыніўся каля яе. Туды ж пад’ехала і бартавая машына. З кузава саскочылі салдаты і пачалі з катушкі размотваць тоўсты трос і цягнуць да будыніны.
Немцы зайшлі ў хату, выгналі на вуліцу гаспадыню з дзецьмі. Потым адзін канец троса салдаты зачапілі за кроквы пад дахам, другі канец — за танк. Танк зароў, паехаў — і дах паехаў услед за танкам.
Стаіць гаспадыня воддаль, туліць да сябе дзетак, галосіць па роднай хатачцы, як па нябожчыку. А немцы, не звяртаючы на яе ўвагі, робяць сваю справу далей.
Тры салдаты ўзлезлі на столь — ім падалі канец троса. Праз столь прасунулі трос у вакно. Потым салдаты злезлі са столі на зямлю, і танк пацягнуў палову хаты да рэчкі. Пад’ехаў кран. Немцы сталі выцягваць гармату, падкладваючы пад яе бярвенні. Доўга важдаліся, але выцягнулі. Потым выцягнулі і танк. А хату ўтапталі ў рэчку.
Гаспадыню разбуранай хаты звалі Аўдоцця. Суседзі не пакінулі яе з дзеткамі ў бядзе — далі прытулак. Перанеслі і такую-сякую мэблю, рэчы.
А жыць пад немцам нам заставалася яшчэ два гады.
Запісала
Галіна Цыганкова.