У купальскую ноч

18376Старажытнае паганскае свята Купалле да гэтага часу шануецца ў народзе. І старыя, і малыя выходзяць на начныя гулянні, водзяць карагоды вакол вогнішча. Хлопцы і дзяўчаты скачуць праз ачышчальны агонь, шукаюць папараць-кветку. Дзяўчаты, як і шмат стагоддзяў таму, пускаюць па рацэ вянкі.

На свяце Купалле ў гарадскім гаі сабралася шмат клімаўчан. Купальскія песні былі чуваць не толькі каля сцэны, але і далёка за межамі эпіцэнтра падзей. Працаваў выязны гандаль: тут вам і марозіва, і прысмакі, сокі і іншыя безалкагольныя напоі, шашлыкі.
Усе весяляцца, гуляюць, скачуць і спяваюць купальскія песні.
А ці ведаюць клімаўчане традыцыі Купалля? Адкуль пайшло свята? Што знаходзяць на Івана Купалу закаханыя ў гаі?
Распытваю людзей розных узростаў: і матуль з дзеткамі, і школьнікаў, і сталых.
І вось якія адказы атрымліваю:
— Купалле — гэта старадаўняе свята, — кажа навучэнка адной са школ горада. — Я ведаю, што паляць вогнішчы, праз якія парачкі скачуць, узяўшыся за рукі, і русалкі выходзяць завабліваць хлопцаў, і кветку папараці людзі шукаюць.
— А што за кветка такая чароўная?
— Можа, гэта кветка прыносіць поспех? — чую ў адказ.
18428Недакладна. Згодна з паданнем, з папараць-кветкай звязаны скарбы. І калі чалавек знойдзе кветку папараці, то яму адкрыюцца ўсе таямніцы зямлі.
— Вы сказалі, што русалкі хлопцаў завабліваюць? А хто такія русалкі? — зноў задаю пытанне.
— Русалкамі, напэўна, выбіралі самых прыгожых дзяўчат у мясцовасці, якія сваёй прыгажосцю зачароўвалі маладых людзей, — атрымліваю адказ.
— Пра прыгажосць вы адгадалі, — пацвярджаю. — Але русалкі — гэта дэманічныя істоты жаночага роду, якія насяляюць азёры ды рэкі, жытнёвыя палі, часцей за ўсё — тапельніцы. Русалкі ходзяць голымі з распушчанымі валасамі, іх чароўныя галасы клічуць, вабяць за сабой небарак, якіх прыцягнула песня распусніцы. Так і гінуць хлопцы, не разумеючы, што пасля сустрэчы з русалкай жывымі яны не вернуцца.
Клімаўчанка Раіса Віктараўна Лаўрыненка расказала, як святкавалася Купалле ў яе маладосці:
— Людзі збіраліся каля рэчак, азёр, на лугах. Распальвалі вогнішчы, дзяўчаты звівалі вяночкі і пускалі іх па вадзе: чый хутчэй паплыве, тая першая замуж пойдзе, у які бок паплыве — там наканаванага шукаць. Абавязкова на Купалле былі гарманісты, балалаечнікі. І дарослыя, і дзеці спявалі абрадавыя песні. Была багатая, цікавая гульнёвая праграма. У купальскую ноч знаёміліся хлопцы з дзяўчатамі, і нярэдка простае знаёмства перарастала ў вяселле. Замест сучаснай апаратуры ў нас была жывая музыка.
Нягледзячы на дождж, свята атрымалася цікавым і жывым. Для малых мелася надзіманая горка, і дзеці з задавальненнем з яе каталіся.
Упрыгожваннем свята стала запальванне вогнішча. Дарэчы, вогнішчу нашы продкі адводзілі асаблівую ролю. Да агню павінны былі выйсці ўсе жанчыны вёскі, а якая не прыйшла, падазравалася ў вядзьмарстве. Вакол вогнішча вадзілі карагоды, таньчылі, спявалі купальскія песні, праз іх скакалі: хто найбольш удала і вышэй скокне, той будзе больш шчаслівым. Дзяўчыны скачуць праз агонь, каб “ачысціць сябе і засцерагчы ад немачы, псуты, замоў”, і каб русалкі не нападалі і не прыходзілі на працягу года. У купальскім агні спальвалі ўсё старое, рыхтуючыся да перараджэння. Каля вогнішча звычайна ўсталёўвалі арэлі, ладзілі агульную трапезу, вадзілі карагоды.
Скакаць праз наша вогніша не мелася магчымасці, бо было яно вялікім, высокім. Бачылася здалёк.
Людміла РЫСЬКОВА.