Клімаўчане ў Мсціслаўлі

24 верасня Мсціслаў прымаў абласныя “Дажынкі”. З самай раніцы ў горад з’ехаліся тысячы гасцей з розных куткоў Магілёўшчыны. Пачаліся ўрачыстасці з асвяшчэння Свята-Троіцкай царквы і святочнага богаслужэння ў Кармеліцкім касцёле Узнясення Прысвятой Дзевы Марыі.
На плошчы Пятра Мсціслаўца адбылося ўрачыстае адкрыццё свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст” і шэсце рыцарскіх клубаў. Добры настрой усім прысутным падараваў музычны гурт “Літы Талер”.
Афіцыйныя дэлегацыі перадавікоў прайшлі ў калонах па вуліцы Савецкай.
У “Дажынках” прымалі ўдзел і клімаўчане. Нашу дэлегацыю ў складзе 33 чалавек узначальвалі старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Далгун. У Мсціслаў прыехалі малады вадзіцель з падсобнай гаспадаркі лікёрагарэлачнага завода Антон Паўлючэнка, камбайнер з філіала Клімавіцкага КХП “Ніва-Агра”, удзельнік пятага Усебеларускага народнага сходу Сяргей Валодзін, сямейная дынастыя Тужыкавых з філіяла “Прыгранічны” камбіната хлебапрадуктаў і іншыя.
На вуліцы Каравайнай клімаўчане ладзілі тэматычную пляцоўку “Клімград гасцям рады”. Удзельнікі свята маглі пакаштаваць розныя вырабы нашых вытворцаў. Была тут і садавіна, і гародніна. Самадзейныя артысты сустракалі гасцей песнямі і танцамі, бавілі гульнямі. Працаваў горад майстроў. Увогуле, клімаўчане арганізавалі розныя тэматычныя праграмы.
У рамках свята адбылася цырымонія ўшанавання пераможцаў спаборніцтва, прайшлі цікавыя канцэрты, турніры, прадстаўленні.
На галоўную сцэну свята ўзнімаліся і нашы землякі: райкам прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў сям’ю Тужыкавых.
Кожны, хто ў гэты дзень наведаў Мсціслаў, змог знайсці для сябе цікавы занятак. Завяршыліся ўрачыстасці святочным лазерным шоу.
Падрыхтаваў Нікіфар МІНЧАНКА.