Калега, журналіст, бард, паэт

Мне васямнаццаць гадоў. Я ўпершыню прыношу ў рэдакцыю свае вершы — на суд да паэта Мікалая Глуздова. Той прыветна ўсміхнуўся: “Ну, давайце паглядзім, што Вы нам прынеслі!”
Ён чытаў — я ўважліва назірала за выразам яго твару. “Гэта — вершы! Гэта сапраўды — вершы!” — згодна паківаўшы галавой, вымавіў нарэшце Мікалай Мікалаевіч.
Я імчала дадому як на крылах: “Мае творы ўсхваліў паэт!” Мне хацелася спяваць, падскокваць і — пісаць, пісаць, пісаць… Вершы; добрыя, прыгожыя вершы.

Такі лёс: аднойчы ён прывёў мяне ў рэдакцыю ўжо ў якасці супрацоўніка. І я зноў вучылася ў Міколы Глуздова — Глуздова-журналіста: добра, якасна і прыгожа пісаць нататкі. Бо менавіта так пісаў свае творы мэтр-журналіст.
Сапраўды, у журналістыцы ён умеў усё, яму падуладны былі ўсе жанры: з-пад пяра выходзілі змястоўныя крытыка-аналітычныя артыкулы, прыгожыя нарысы, лірычныя замалёўкі, лаканічныя нататкі, трапныя, вострыя фельетоны. Усе яго творы чыталіся на адным дыханні.
А песні… Калі бард браў у рукі гітару, яго голас зачароўваў, а пранікнёныя песні не пакідалі раўнадушным нікога. Ён часта выступаў на творчых сустрэчах у розных калектывах, з людзьмі розных узростаў і мог трымаць залу не горш за любога артыста ці аратара (хоць аратарам гэты сціплы чалавек і не лічыў сябе ніколі).
Выдатны журналіст, таленавіты паэт і бард, добры калега і таварыш. З тонкім гумарам, добразычлівай усмешкай і адкрытай душой.
Клімавіцкая раённая газета была адзіным месцам яго працы. І хоць нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч у Горацкім раёне, але ўсё жыццё працаваў у Клімавіцкім: з 1974 па 2013 год, прычым апошнія дваццаць гадоў — намеснікам галоўнага рэдактара.
Ён любіў сваю работу і ўмеў працаваць. Любіў газету і чытача і хацеў, каб чытачоў у раёнкі было як мага больш. Ён запрашаў да сяброўства:

Будзем сябрамі!

Чым бы дома ні займаўся,
Калі ты не падпісаўся
На раённую газету —
Нагадаем мы пра гэта.
Ўсе мясцовыя навіны
Для жанчыны, для мужчыны —
Кожны знойдзе, што захоча,
Ўбачыць дзень на свае вочы:

Хто — шчыруе, дом будуе,
Хто — заўзята… лайдакуе.
Зможам вас павіншаваць
І пра лепшых напісаць.
Слова добрае не шкодзіць,
З ім і ніва плённа родзіць.
Будзем вернымі сябрамі,
Не развітвайцеся з намі!
Гэта запрашэнне ад Мікалая Глуздова. І яно актуальнае заўсёды.
Занадта рана перастала біцца сэрца журналіста і паэта, але яго творы жывуць, і жыве ў калег, сяброў і знаёмых добры ўспамін аб добрым чалавеку.
…31 кастрычніка 2017 года Мікалаю Мікалаевічу Глуздову споўнілася б 65 гадоў.
Галіна Цыганкова.