Мовай роднаю даражы

Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Дзень матчынай мовы быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў 1999 годзе, адзначаецца з 2000 года. А прапанову ўнёс Бангладэш. У гэтай краіне 21 лютага 1952 года загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай (Бангладэш у той час з’яўляўся ўсходняй часткай Пакістана).                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                  У свеце налічваецца больш за шэсць тысяч розных моў. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палова моў з гэтых шасці тысяч знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Генеральная асамблея ААН заклікала дзяржаў — членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і сакратарыят ААН садзейнічаць абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету.
Нам, беларусам, у гэтым сэнсе пашанцавала. Нам не трэба змагацца за мову — беларуская мова з’яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моў краіны. Мы можам вольна на ёй гаварыць, пісаць, ствараць творы. А да чаго ж прыемна было бачыць, як нашы залатыя біятланісткі Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, стоячы на першай прыступцы алімпійскага п’едэстала ў Пхёнчхане на ўвесь голас, з імпэтам спявалі Дзяржаўны гімн Беларусі!
…Стала ўжо традыцыяй у Міжнародны дзень роднай мовы ладзіць творчыя сустрэчы ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Вось і гэтым разам тут ва ўтульнай чытальнай зале сабраліся супрацоўнікі бібліятэкі начале з дырэктарам цэнтральнай бібліятэчнай сеткі Таццянай Даменікан, навучэнцы аграрнага каледжа, проста аматары літаратуры. З задавальненнем адгукнуліся і прыйшлі на сустрэчу паэты-землякі: член саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Мінчанка, Уладзімір Босаў, Галіна Цыганкова, Ганна Жылінская (Кірпічэнка).
Але ж галоўнай дзеючай асобай была беларуская мова.
Беларускія песні цудоўна выконвалі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў Кацярына Падабед, Валерыя Паборцава разам з настаўніцай Таццянай Смірновай.
Тон шчырай размове задавалі вядучыя Ларыса Мамрыкава і Людміла Шведава. Яны чыталі яскравыя цытаты пра мову з твораў беларускіх класікаў.
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты мост, па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.

Мільгаюць старонкі твае,
І мы размаўляем з вякамі,
І продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.
Гэтыя радкі напісаў Пятро Макаль.
А вось запавет Віктара Шведа:
Мову родную беражы.
Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй.
Мовай роднай не гандлюй.
Мову родную любі.
Мовы роднай не кідай.
Мову дзецям перадай.
Мовы не аддай на здзек.
Толькі з ёю жыцця век!
Колькі ў нас цудоўных беларускамоўных твораў! Перачытайце класікаў — Якуба Коласа, Янку Купалу, Кандрата Крапіву, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна і іншых: як добра яны валодалі словам! Адчуйце смак, меладычнасць, цеплыню і дакладнасць беларускай мовы. Шмат сучасных, у тым ліку і маладых аўтараў, таксама абралі мовай сваёй творчасці беларускую. Зазірніце ў бібліятэкі, пацікаўцеся — вам дапамогуць падабраць патрэбную літаратуру.
Хай ліецца наша мова ручаёчкам звонкам: гэта сімвал беларускай роднае старонкі!
Галіна Цыганкова.