У будучыню — з надзеяй!

Ну, хто там застаўся дома ў той вечар? Глядзеў па тэлевізары серыялы? Ці, мо, яшчэ — біятлон? А мы прыйшлі на “Свята”. І атрымалі сапраўднае СВЯТА! І асалоду ад выступлення артыстаў Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”. “Бра-ва!”, “Бра-ва!”, “Ма-лай-цы! — раз-пораз скандзіравала зала.
Але гэта было крыху потым. А спачатку выступалі і прымалі віншаванні і падарункі маладыя клімавіцкія зорачкі.                                                                                                                                     У Клімавіцкім раённым цэнтры культуры прайшло мерапрыемства ў межах ХХХІI Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы «У будучыню — з надзеяй».
Міжнароднай, таму што яе ўдзельнікі традыцыйна наведваюць раёны, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай электра-станцыі — у Беларусі, Расіі, ва Ўкраіне. Раней акцыя называлася “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця”. Сацыяльна-творчая праграма стартавала 2 сакавіка і завяршыцца 15 красавіка. Таленавітым дзяцям і падлеткам даецца магчымасць выступіць на адной сцэне з вядомымі музыкантамі і выканаўцамі. Аўтарам і кіраўніком праекта з’яўляецца  Кацярына Копелева.
На сцэне раённага цэнтра культуры свае здольнасці дэманстравалі спевакі Валерыя Клюшнікава, Дзіяна Краўчанка, Валерыя Паборцава і самая маленькая Аня Квяткова, а таксама Кацярына Ванюгова (акардыён) і Даніла Дабродзькін (баян).
Кацярына Копелева пахваліла юных клімаўчан за майстэрства і ўручыла ім падарункі. Яна таксама адзначыла высокі ўзровень нашай дзіцячай школы выяўленчага мастацтва. На яе думку, Клімавіцкая ДШВМ з’яўляецца адной з лепшых у краіне. “Звярніце ўвагу на творчыя работы дзяцей у файе — якія яны цудоўныя!” — параіла Кацярына Іванаўна.
А ў фае РЦК дэманстраваліся работы Таццяны Семчанкі, Алесі Парфёнавай, Аляксандры Цыганковай, Лізаветы Судзілоўскай, Дар’і Голікавай, Барыса Шчарбакова.
Канцэртная праграма ладзілася пры падтрымцы Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» і грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру».                                                                                                                                                                                                                   На здымку: начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клімавіцкага райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Вікторыя Пракоф’ева (злева), Кацярына Копелева (справа) і клімавіцкія зорачкі.
Галіна Цыганкова.
Фота Надзеі Сабіравай.