16 мая ў раённым цэнтры культуры прайшоў фестываль дзіцячай творчасці “Зорачкі”

16 мая ў раённым цэнтры культуры прайшоў фестываль дзіцячай творчасці “Зорачкі”. Больш за дзесяць гадоў праводзіцца ён у Клімавічах і збірае на сцэне таленты з дзіцячых садкоў.

Гэтым разам у фестывалі ўдзельнічалі дзіцячыя садкі: “Бярозка” (музычны кіраўнік Ганна Нянашава), “Сонейка” (музкіраўнік Вераніка Шапавалава), “Елачка” (музкіраўнік Алена Чмурова), “Рамонак” (музкіраўнік Вікторыя Грышанава), “Расінка” (музкіраўнік Вольга Дзянісава), “Светлячок” (музкіраўнік Святлана Кузьмянкова), “Церамок” (музкіраўнік Тамара Давыдова), “Журавушка” (музкіраўнік Марына Сапсалёва).

Канцэртную праграму адкрыў танцавальны калектыў дзіцячага садка “Расінка”. “Сэрца зямлі маёй” — называлася кампазіцыя ў іх выкананні. Так прыгожа, плаўна плылі дзеткі ў танцы.

Гэта трэба было бачыць! Фестываль зачароўваў. Маленькія зорачкі ўражвалі сваім талентам. Вось незвычайны аркестр удасканальвае музычнае суправаджэнне да песні “Гадзіннічак” (выступленне садка “Журавушка”). Дар’я Папялышка  і Іван Андрэйчыкаў (“Рамонак”) так шчыра спявалі пра Беларусь! “Бульба-дэнс” —  запальвалі ў танцы артысты з “Церамка”. Вікторыя Юранкова з “Бярозкі” павесяліла ўсіх народнай жартоўнай песенькай “Прыляцелі куры”. У “Васільковую краіну” паклікала кампазіцыя ў выкананні дзетак з садка “Светлячок”. І такі цудоўны карагод з бярозкай вадзілі выхаванцы садка “Сонейка”!

А вось сапраўдныя мядузы. Яны то павольна плывуць у марскім бяздонні, то круцяцца, то віруюць… Уражанне чароўнае. А стварылі яго выхаванцы садка “Елачка”.     

Выступленне за выступленнем. Каля дзвюх гадзін доўжылася праграма, а праляцела як адно імгненне.

А якім яркім быў фінал! Дзетак падтрымалі і шыкоўна, патрыятычна выканалі песню “Радзіма мая” пад апладысменты залы загадчыца дзіцячага садка “Светлячок” Іна Фралова ў дуэце з музычным кіраўніком садка “Рамонак” Вікторыяй Грышанавай.

Пахваліла дзетак за таленавітыя, яркія выступленні, выказала шчырую падзяку кіраўнікам садкоў і музычным кіраўнікам, выхавацелям і бацькам галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Клімавіцкага райвыканкама Ала Асмалоўская. Яна адзначыла, што на клімавіцкай зямлі пульсуюць невычэрпныя крыніцы дзіцячых талентаў. Іх, таленты, узрошчваюць з маленства, прывіваюць любоў да малой радзімы. І мы гэтым ганарымся.

Тут не было пераможцаў. Кожны садок атрымаў дыплом удзельніка і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Іх уручыла старшыня райкама прафсаюза Лідзія Шашкова.

Трэба падзякаваць працаўнікам садка “Светлячок”: яны падрыхтавалі сцэнарый і бліскуча правялі канцэрт. Вядучымі былі Яна Гаўрылава і Алена Лянкевіч.

Галіна Цыганкова.

[ngg src=»galleries» ids=»76″ display=»basic_thumbnail»]