“Атожылкі” — значыць: парасткі

 

Селянін з Клімавіцкага раёна стаў героем паэмы горацкай паэткі.

У Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі горацкай паэткі Лідзіі Андрэевай. Кніга называецца “Атожылкі”.

Атожылкі — гэта малады парастак расліны. У пераносным сэнсе атожылкамі называюць нашчадкаў.

Сама аўтар называе свой твор патрыятычна-філасофскім сказам (народная філасофія ў мастацкіх вобразах”).

“Мой куток! Ты мяне не адрынь — працягні сваёй ласкі далоні, мне даруй і надзею пакінь  — я чалом прыпадаю да ўлоння”, — з гэтых радкоў пачынацца твор.

Галоўныя героі кнігі — сям’я Галкоўскіх з вёскі Судзілы: гаспадар Аляксандр Мікалаевіч, яго жонка Людміла Аляксандраўна, іх дзеці, унукі, а таксама іх продкі.

Аповед падаецца праз успаміны землякоў — вучонага Міколы і сужэнцаў Галкоўскіх. Мікола, гарадскі жыхар, прыехаў у госці да Галкоўскіх. Шмат гадоў не быў ён у сваёй роднай вёсцы і цяпер ледзве яе пазнаў. Ды і тое: не было ўжо ў населеным пункце ні школы, ні клуба, ні пошты. Толькі дрэвы навявалі ўспамін пра былое.

Сям’я Галкоўскіх сустрэла земляка гасцінна. “Ты, Люда, дзіва-гаспадыня! Стол самабранкай мігам стаў!” — у захапленні пахваліў гаспадыню госць. А гаспадар не без гонару заўважыў: “А ў нас і масельца сваё, і малако, і бужаніна… Купляем мы алей — і ўсё. Вось гэта — ежа селяніна”. Каб мець усё гэта, трэба цяжка працаваць. “Ты раніцой пабачыш сам, што маю статак не адзіны: кароў, свіней, авечак… Нам дагледзець трэба ўсё з Людмілай! Вядома, й дзеці падмагнуць — у выхадны, пасля работы. Галоўныя ж мы з жонкай тут, нам любы гэтыя турботы”.

Мікола з Галкоўскімі перабралі ў памяці сваіх родных, пагаварылі пра артэфакты даўніны: у мясцовасці шмат курганаў — чые яны? вялікі камень з выявай крыжа і паўмесяца — хто пакінуў пячатку?

Любіць радзіму, вялікую і малую, ведаць свае карані, ведаць гісторыю роднага краю — такі лейтматыў гэтага твора.

Лідзія Андрэева (Лідзія Андрэеўна Мініч, дзявочае прозвішча — Галкоўская) і сама з гэтых мясцін: яна нарадзілася ў 1940-м  годзе ў вёсцы Рэкта ў шматдзетнай сям’і.  Скончыла Судзілаўскую васьмігодку, а ў дзявятым і дзясятым класах вучылася ў сярэдняй школе № 3 г. Клімавічы. Потым скончыла Беларускую сельгасакадэмію, у якой пасля адпрацавала амаль паўстагоддзя. Яна кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (2013). У літаратуру прыйшла ўжо ў сталым узросце — у пяцьдясят дзевяць гадоў. А вобраз вучонага Міколы хоць і з’яўляецца збіральным, але ж, як патлумачыла у час сустрэчы паэтка, спісаны, з большага, з яе самой.

У Аляксандра Мікалаевіча і Людмілы Аляксандраўны трое дзяцей (Дар’я, Захар, Аляксандр) і чацвёра ўнукаў (Настасся, Аляксей, Вера, Альгерд). У сям’і берагуць народныя традыцыі і абрады. І малыя, і дарослыя ўмеюць добра і працаваць, і адпачываць. А ўжо ж Аляксандр Мікалаевіч!.. Ён і пчаляр, і шапавал, і цясляр; ён змайструе і сані, і калёсы; і сатчэ, і спрадзе… Дзе яшчэ знайсці такога майстра на ўсе рукі?

Аляксандр Галкоўскі на творчую сустрэчу прыйшоў не адзін, а разам з дачкой Дар’яй і ўнукамі Аляксеем, Верай і Насцяй. Сціплы селянін не ўмее хваліцца. “Ну вось так жвём і працуем, бо прывыклі працаваць і весці свой рэй”, — кажа ён. Затое як Аляксандр Мікалаевіч ведае гісторыю свайго краю, свайго роду, а колькі казак, прыказак, народных песень! І як спявае! Непараўнальна, менавіта па-народнаму, па-вясковаму. Мы ў гэтым мелі магчымасць упэўніцца, бо Аляксандр Мікалаевіч праспяваў некалькі песень у час мерапрыемства.

Пра земляка, неардынарнага чалавека шмат добрых слоў сказалі прыйшоўшыя на сустрэчу клімаўчане. У прыватнасці, былая дырэктар центральнай бібліятэкі Антаніна Васільеўна Сілівёрстава, былы старшыня Родненскага сельскага Савета Сяргей Пятровіч Сяргееў.

Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Яўгеньеўна Глушакова ўручыла Лідзіі Андрэеўне Мініч і Аляксандру Мікалаевічу Галкоўскаму падзячныя пісьмы райвыканкама.

У гэты дзень, 30 ліпеня, Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі адзначаў адразу два святы: дзень сваіх народзінаў (шасцідзесяцігадовы юбілей)

  і дзень народзінаў кнігі пра сябе. Загадчык бібліятэкі Таццяна Пятроўна Даменікан са словамі віншаванняў уручыла юбіляру падарунак.

А руплівы гаспадар падрыхтаваў гасцінец для ўсіх прысутных — свежы бурштынавы пахкі мядок са сваёй пасекі.

Галіна Цыганкова.

 

 

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники