У Барсукоўскай базавай школе Клімавіцкага раёна ладзілі “Калядныя вячоркі”

6 студзеня “Калядныя вячоркі” ладзілі ў Барсукоўскай базавай школе. Удзельнікі свята — вучні чацвёртага класа, іх бацькі, а таксама настаўніца Алена Іванаўна Кавалёва. Даведаліся дзеці пра гісторыю свята, якую расказала вядучая мерапрыемства Ганна Цімошчанка.

 На нейкі час школьны клас пераўтварыўся ў вясковую хату, гаспадыня якой (Кацярына Качанава) сустракала гасцей. Па даўняй традыцыі калядоўшчыкі заходзілі ў той дом, дзе на вакне гарэла свечка. Гэдак жа зрабілі і  ў час правядзення вячорак. А потым ўсе ішло сваім парадкам: хату абсявалі зярном, каб жылі тут ладна і багата; Каза, Мядзведзь, цыгане калядавалі, гаспадыня варажыла ўсім жадаючым.

Завітала на свята і суседка Алена, якая прынесла кошык з гацінцамі. Яна выстаўляла на стол, які быў засланы святочным абрусам паверх разложанага на ім сена, стравы нашых продкаў: посную куццю, каўбасу-крывянку, аладкі са смятанай, грыбочкі, агурочкі і розныя іншыя прысмакі. Усе змаглі пачаставацца!

Выконвалі дзеці і іншыя абрадавыя дзеянні, якія рабілі нашы продкі у час  Калядаў. Свята адбылося вясёлым, шумным (якім яно і павінна  быць), а галоўнае — пазнавальным.

Праз такія мерапрыемствы адбываецца пазнаванне дзецьмі народных традыцый. А тое, што ў іх удзельнічаюць бацькі навучэнцаў, сведчыць аб добра наладжанай сувязі паміж школай і сям’ёй.

Ала Саковіч.