У Клімавіцкай раённай бібліятэцы прайшло моладзевае мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Заснаваны ён быў ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА.

Галоўная яго мэта — захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

У Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло вельмі цікавае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы: інтэлектуальная гульня ў выглядзе падарожжа “І прывеціць нас роднае слова”. Удзельнікамі гульні былі тры каманды, складзеныя з навучэнцаў раённай гімназіі (“Васілёчкі”), сярэдніх школ № 4 (“Каласочкі”), і № 1 (“Званочкі”). Капітаны каманд — Дзіяна Разуева, Канстанцін Цэганскі, Аляксандра Падгурская.

Вядучая — супрацоўнік бібліятэкі Ларыса Мамрыкава — падрыхтавала для каманд разнастайныя заданні. Першы прыпынак — “Перакладчыкі”.  Кожная з каманд па чарзе павінна была хутка і дакладна перакласці з рускай мовы на беларускую словы і выразы. Напрыклад: черника (чарніцы),  обида (крыўда),  движение (рух), ковер (дыван), сережки (завушніцы), ежевика (ажыны),  журнал (часопіс), жениться на соседке (ажаніцца з суседкай) і гэтак далей.

На наступным прыпынку трэба было растлумачыць словы, маючы варыянты: поплаў — гэта… выдатны плывец;  рачная трава; луг у пойме ракі (правільна — луг); альтанка — гэта… летняя паркавая або садовая пабудова для адпачынку; парода маленькіх хатніх сабачак з доўгай мяккай шэрсцю; тонкая празрыстая тканіна (правільна — пабудова (па руску — беседка).

Былі таксама прыпынкі “Шарады”, “Музычны”, “Конкурс капітанаў” і іншыя.

Юбілею Вялікай Перамогі былі прысвечаны пытанні на прыпынку “Нельга забыць”. Адным з заданняў было — назваць клімаўчан — Герояў Савецкага Саюза. (Аляксей Свірыдавіч Петушкоў, Адам Захаравіч Петушкоў, Іван Стэфанавіч Нікалаеў, Дзмітрый Пятровіч Жмуроўскі, Міхаіл Фёдаравіч Рабчэўскі, Сцяпан Васільевіч Раманец, Міхаіл Антонавіч Старавойтаў, Дзмітрый Малахавіч Цірубін).

За правільныя адказы каманды атрымлівалі жэтоны. У канцы мерапрыемства журы ў складзе загадчыка цэнтральнай бібліятэкі Таццяны Даменікан, першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Алесі Котавай і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Калошкі іх старанна падлічыла.  Больш за ўсіх жэтонаў сабрала каманда “Званочкі” (СШ № 1), яна і стала пераможцай. На другім месцы — “Васілёчкі (гімназія), на трэцім — “Каласочкі” (СШ № 4).

Старшыня журы Таццяна Даменікан уручыла капітанам каманд дыпломы і салодкія прызы.

З цікавасцю слухала моладзь паэтку і журналістку раённай газеты “Родная ніва” Галіну Цыганкову — яна прачытала свае вершы.

Як зазначыла Таццяна Калошка, трэба любіць і ведаць беларускую мову, каб не быць іншаземцам у роднай краіне.

Галіна Віктарава.