«Родная мова. Яе ўплыў на чалавека» — разважаюць клімаўчане

Пётр Шашкоў, дырэктар Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна:

«Родная мова дазваляе мне адчуваць сябе Беларусам»

— Наша беларуская мова — родная, прыгожая, мілагучная.  Яна кожнаму беларусу дапамагае расказаць пра свае карані, сваю краіну. На жаль, мелодыя мовы не перадалася нам з малаком матулі, і мне вельмі шкада, што невялікая частка беларусаў карыстаецца ёй. Тым, хто хоча авалодаць мовай, я раю чытаць беларускія кнігі, наведваць сустрэчы з аўтарамі беларускіх твораў, на якіх можна пачуць жывую мову. Не разумею, як магчыма чытаць цудоўныя творы такіх майстроў нашай літаратуры як Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч на якой-небудзь іншай мове, чым беларуская.

Асабіста для мяне беларуская мова — гэта тое, што дазваляе мне адчуваць сябе Беларусам. Я лічу, што кожны чалавек павінен ведаць сваю родную мову і з павагай адносіцца да яе.

 

Марыя Бібікава, вучаніца 11 класа СШ № 3 г. Клімавічы, капітан клімавіцкай каманды знаўцаў па гульні «Што? Дзе? Калі?»:

«Часцей размаўляйце на роднай мове»

— Сёння я хачу закрануць тэму выкарыстання беларускай мовы ў нашым жыцці, у штодзённасці. Я, як і вы, жыву ў Беларусі, але вельмі рэдка чую ў паўсядзённым жыцці сваю родную мову. Я стала задавацца пытаннем: «Чаму так? Бо беларуская мова вельмі прыгожая, мяккая, мілагучная»… І прыйшла да такой высновы: многія з нас самі вінаватыя ў гэтым!

Мы сталі менш чытаць літаратуру на беларускай мове. «Навошта?» — скажаце вы. «Лепш чытаць замежныя кнігі». Мы слухаем менш беларускіх выканаўцаў, таму большасць з іх і не такія папулярныя, як выканаўцы іншых краін, хоць нічым не саступаюць ім ў таленце. Такім чынам, мы самі, часам нават несвядома, агароджваем сябе ад беларускай мовы, з-за гэтага радзей чуем яе, а потым і зусім забываемся пра яе.

Але так нельга! Бо адметнай рысай любога народа з’яўляецца менавіта мова і нішто іншае. Калі існуе мова, то жыве і сам народ! Я заклікаю вас як мага часцей выкарыстоўваць сваю родную мову, тым самым вы не дасцё ёй знікнуць як іншым старадаўнім мовам, пра веліч якіх зараз можна толькі чытаць.

 

Алеся Котава, першы сакратар райкама  ГА «БРСМ»:

«Трэба паважаць родную мову»

— Беларуская мова — моладзевы трэнд. І гэта не гучныя словы. Мне даводзіцца даволі часта бываць у Мінску, у Магілёве. Беларуская мова гучыць — і не рэдка — на вуліцы, у навучальных установах, асабліва вышэйшых.

Мы бачым, як вядомыя трэндавыя дызайнеры звязваюць сваю прадукцыю з беларускай сімволікай, арнаментам, з беларускай мовай — і гэта модна! Такое адзенне з задавальненнем носяць і старыя, і малыя.

Важную ролю ў папулярызацыі мовы адыгрывае дзяржаўная моўная палітыка. Гэта нагляднасць беларускай мовы на вуліцах гарадоў і вёсак, папулярызацыя беларускамоўнай літаратуры, песень, кіно. Папулярнымі з’яўляюцца (і ў нашым раёне — таксама) беларускія святы, абрады.

Што яшчэ хачу сказаць: у нас дзве дзяржаўныя мовы, абедзве яны прыгожыя і вартыя да ўжывання. І, канечне ж, абедзве іх мы павінны калі і не добра ведаць, то абавязкова — паважаць.