Клімавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Пехцерава адзначае 100-гадовы юбілей

У гісторыі кожнай бібліятэкі, як і ў жыцці любой іншай установы, ёсць маленькія і вялікія падзеі, даты. І адной з такіх важных і знамянальных дат у 2020 годзе стане 100-гадовы юбілей Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Пехцерава, які будзе адзначацца 11 верасня. Раённая бібліятэка была створана на базе грамадскай бібліятэкі. Першапачаткова кніжны фонд яе складаў 3,5 тыс. экзэмпляраў. Шкада, што ў архівах не захаваліся звесткі пра першых бібліятэкараў, хутчэй за ўсё, яны працавалі на грамадскіх пачатках.
У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі амаль усе ўстановы культуры ў раёне. У 1943 годзе Клімавічы былі вызвалены. Горад быў зруйнаваны. Старажылы памятаюць драўляны будынак былой царквы, які выпадкова захаваўся. Вось у ім і размясціліся адначасова РДК, кінафікацыя, раённая бібліятэка. Яна займала два маленькія пакойчыкі, але напачатку і іх хапала: кніжны фонд не складаў і 2 тысяч экзэмляраў. Бібліятэкарам па сумяшчальнiцтву працаваў Iосiф Клiменцьевiч Маневiч.
З 1945 года загадчыцай бібліятэкі працавала Бася Лазараўна Баранчук. Кніжны фонд збіраўся такім чынам: той, хто ішоў запісвацца ў бібліятэку, нёс туды сваю кнігу.
Потым доўгі час бібліятэку пераводзілі з аднаго памяшкання ў другое. І вось, нарэшце, у 1961 годзе спецыяльна для яе было пабудавана памяшканне. Будынак ацяпляўся з дапамогай пяці печаў, лесаматэрыялы даводзілася нарыхтоўваць у Чэрыкаўскім раёне. Загадчыцай бібліятэкі працавала Марыя Цiтаўна Старавыбарная, энергічны, разумны і працавіты кіраўнік. Бібліятэкары актыўна ўкаранялі новыя формы і метады масавай работы з чытачамі.
З красавiка 1976 года ў нашым раёне пачалася цэнтралiзацыя бібліятэк. Ва ўстанове былі створаны новыя аддзелы, якія займаліся камплектаваннем і апрацоўкай літаратуры. Пачаў працаваць метадычны аддзел. Дырэктарам бібліятэкі ў гэты час (1971-1982 гг.) была Рыта Мікітаўна Рыхнова. Гэтага кіраўніка заўсёды адрознівала спалучэнне патрабавальнасці да падначаленых побач з уменнем усяліць у іх веру, падтрымаць, дапамагчы.
29 гадоў бібліятэчную сiстэму ўзначальвала дырэктар Антанiна Васiльеўна Сiлiверстава – таленавіты кіраўнік, якая душой хварэла за бібліятэчную справу. Дзякуючы яе энтузіязму, працаздольнасці, дзелавым якасцям цэнтральная бібліятэка была ў ліку лепшых у вобласці. За добрыя паказчыкі ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі. Напрыклад, бiблiятэка адна з першых у рэспублiцы арганiзавала кабiнет навукова-тэхнiчнай iнфармацыi пры райвыканкаме. Тут рэгулярна праводзiлiся Днi iнфармацыi, Днi спецыялiста, адкрытыя прагляды лiтаратуры. Вопыт работы  прыязджалi абагульняць нават з Дзяржаўнай бiблiятэкi iмя У.I.Ленiна з Масквы. Ужо тады галоўнымі напрамкамі дзейнасці бібліятэкі былі абраны краязнаўства і духоўнае выхаванне. Антаніна Васільеўна разам з супрацоўнікамі сабрала багаты краязнаўчы матэрыял.
Выдатны юбілей бібліятэкі, безумоўна, звязаны і з імёнамі такіх яе супрацоўнікаў, як Людміла Рыгораўна Сініцкая, Святлана Пракопаўна Уланава, Святлана Іванаўна Грышчанка, Людміла Міхайлаўна Садоўская, Валянціна Леанідаўна Мычко, Паліна Міхайлаўна Дароніна, Ніна Аляксандраўна Гарэлава, Людміла Пятроўна Васькоўская, Людміла Аляксееўна Матвеева, Тамара Іванаўна Емельянава. Гэта былі вопытныя бібліятэкары з вялікім бібліятэчным стажам, адкрытым сэрцам і шчодрай душой. Без іх не было б у нашай бібліятэкі яе слаўнай гісторыі сёння. Усім ім мы ўдзячныя за доблесную, самаадданую працу, вернасць сваёй прафесіі.
Гісторыю бібліятэкі працягвае цяперашні калектыў супрацоўнікаў – таленавіты, творчы, які ўмее чуйна рэагаваць на ўсё новае, перадавое. Бібліятэка стала ўвасабленнем думак, імкненняў, працоўных клопатаў выдатных спецыялістаў. А.В.Драздоўская, Л.І. Мамрыкава, М.Я. Шылава, Ю.М.Клімянкова, В.В. Максімовіч, А.М.Кастэнка, Л.І.Семчанка, Л.В.Сцяпанава, А.М.Глазко, Н.П.Кавалёва, Н.У. Васіленка, А.В.Ларыёнава, К.Ч. Курносава — прафесіяналы сваёй справы. Радуе той факт, што ў бібліятэку прыходзяць і маладыя спецыялісты.
Сёння цэнтральная раённая бібліятэка – адзін з самых даступных і наведвальных культурных цэнтраў горада. Кніжны фонд налічвае 36220 экзэмпляраў. Паслугамі бібліятэкі карыстаюцца больш за 3 тыс. чытачоў, для якіх працуе абанемент і чытальная зала. Функцыянуе раённы інфармацыйна-ідэалагічны цэнтр, дзе сабрана інфармацыя па вядучых галінах грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця раёна.Таксама бібліятэка выконвае ролю публічнага цэнтра прававой інфармацыі, садзейнічаючы распаўсюджванню прававых ведаў сярод жыхароў горада.
Для больш якаснага абслугоўвання насельніцтва раёна працуе перасоўная бібліятэка. Бібліобус наведвае прадпрыемствы і арганізацыі горада, а таксама насельніцтва аддаленых і маланаселеных вёсак.
Напрамкі работы бібліятэ-кі самыя разнастайныя. Прэзентацыі новых кніг пісьменнікаў-землякоў, паэтычныя чытанні, патрыятычныя акцыі, круглыя сталы, бібліявечарынкі, літаратурныя сустрэчы, раённы конкурс паэзіі і прозы, бібліяноч – вось далёка не поўны пералік мерапрыемстваў нашай бібліятэкі. І кожны раз – гэта масавасць, творчы падыход і прафесіяналізм зладжанай каманды калектыву.
Бібліятэку наведваюць розныя групы насельніцтва, і ўсе яны знаходзяць разуменне, падтрымку і магчымасць выказаць сваю індывідуальнасць. Пры бібліятэцы працуюць аматарскія аб’яднанні, якія збіраюць разам лю-дзей з агульнымі інтарэсамі і захапленнямі. Шмат гадоў карыстаецца папулярнасцю і любоўю чытачоў літаратурнае аб’яднанне “Незабыўныя сустрэчы”. Удзельнікамі мерапрыемстваў былі многія таленавітыя людзі раёна: паэты і пісьменнікі, майстры народных промыслаў, мастакі і музычныя дзеячы. Радуе клімаўчан “Клуб традиционных славянских ценностей” пад кіраўніцтвам бібліёграфа Вольгі Максімовіч і святара Свята-Міхайлаўскага храма айца Інакенція.
Цэнтральнай бібліятэкай распрацавана некалькі паспяховых праектаў: літаратурны “Таленты ад роднай зямлі”, патрыятычны “Прикоснись к подвигу сердцем…”, краязнаўчыя “Слаўныя імёны малой радзімы”, “Па знаёмым сцежкам у вёску родную іду”, тэлевізійны праект “Библиотечный меридиан”, праграма духоўнай асветы “Чтоб силу верой обрести”.
Бібліятэка стала арганізатарам правядзення фестываля праваслаўнай духоўнай культуры “Слова Хрыстова” з удзелам праваслаўных прыходаў суседніх раёнаў Беларусі і Расіі.
Установа традыцыйна збірае, захоўвае і папулярызуе творчасць мясцовых аўтараў, актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці раёна. Творчыя сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі праходзяць у форме літаратурных вечарын, музычных паэтычных імпрэзаў, вандровак па кнігах, вечароў-партрэтаў, літаратурных дэбютаў і г. д.
У розныя гады бібліятэку наведвалі беларускія пісьменнікі Аляксей Пысін, Іван Новікаў, Павел Кавалёў, Юрый Татарынаў, пісьменнік з Ізраіля Яфім Златкін, аўтар дзіцячых кніг Валерый Квілорыя, расійскі гісторык Аляксандр Чаромін, маскоўскія паэты Галіна Клімава і Сяргей Надзееў, фантасты з Санкт-Пецярбурга і іншыя. Сучасны этап развіцця бібліятэкі характарызуецца укараненнем новых інфармацыйных тэхналогій. 12 камп’ютараў аб’яднаны ў лакальную сетку, ёсць выхад у інтэрнэт і электронная пошта. У 2018 годзе цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Пехцерава пераехала ў новы сучасны двухпавярховы будынак у цэнтры горада, дзе да гэтага размяшчалася падатковая інспекцыя.
Дарагія калегі! Паважаныя чытачы! Шчыры дзякуй вам за любоў да кнігі, за адданасць ёй, за супрацоўніцтва, разуменне і падтрымку. Пераканана, што наша бібліятэка і надалей будзе рухацца наперад, пераадольваючы на сваім шляху ўсе цяжкасці, заставацца верным захавальнікам мудрасці нацыі, яе спадчыны і вопыту, забяспечваючы жывую повязь пакаленняў.
Добрага здароўя, цудоўнага настрою, любові блізкіх і сяброў, спакою і дабрабыту ў сем’ях, прафесійнага ўдасканалення і росту, ажыццяўлення творчых планаў, смелых задумак, цікавых і прыемных сустрэч!