Сустрэча з паэтамі адбылася ў Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы

Каб беларуская мова развівалася, пашыралася, станавілася ўсё больш папулярнай, трэба больш размаўляць па-беларуску. Не ад выпадку да выпадку, не на вечарынах, тэматычных занятках і творчых сустрэчах — а ў побыце.

З такой высновай пагадзіліся ўдзельнікі творчай сустрэчы ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Мерапрыемства было прызначана да Міжнароднага дня роднай мовы. Ва ўтульнай зале сабраліся супрацоўнікі бібліятэкі, паэты Галіна Цыганкова і Ганна Жылінская, навучэнцы раённай гімназіі.

Ведаеце, мова лілася лёгка і вольна. Гімназісты пранікнёна чыталі творы беларускіх класікаў, паэты — свае асабістыя творы. Вёўся агульны дыялог пра гісторыю беларускай мовы, пра яе ролю ў жыцці народа. Наогул — пра адносіны да роднай мовы ў розных краінах свету.

Сярод сталічнай, абласной моладзі размаўляць па-беларуску — гэта даўно ўжо своеасаблівы трэнд. Гэта модна, гэта прыгожа. Мы на Клімаўшчыне больш размаўляем на трасянцы. Але калі ўдумацца, то і ў трасянцы пераважаюць беларускія словы, або словы з беларускімі каранямі ці больш падобныя да беларускіх слоў. І амаль паўсюдна ў нас “ў” (у кароткое (нескладовае) на канцы слова. Так што большасць з клімаўчан скажа ў побыце, напрыклад, не “Куда ты пошел?”, а “Куды ты пашоў?” І бульба ў нас, і бурак, і цыбуля, і пуня, і дровы.

Вялі мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі Крысціна Курносава і Ларыса Мамрыкава.  Яны былі не толькі мадэратарамі, але і прапанавалі вельмі цікавую віктарыну. І захапілі ў палон літаральна ўсіх: кожны з прысутных, як кажуць, уключаў мазгі і хуценька шукаў адказы на пытанію А яны былі, здавалася б, хоць і даволі простыя, але — з сакрэцікам.

Дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Таццяна Даменікан падзякавала ўсім за тое, што прыйшлі на сустрэчу. Пажадала поспехаў у працы, вучобе і творчых здабыткаў.

 

Пра шчасце

І дзе шукаць такое шчасце,

Каб ўсё жыццё яго любіць?

З якіх яго складаць мне частк

І як жа часам не згубіць?

З усіх каханых ці то з грошай?

З дзяцей, сям’і ці без людзей?

З кватэр, машышы або, можа,

З цікавых думак і падзей?

З чаго складаць? А мо — не трэба?

Навошта сэнс яго шукаць?

Цягнуцца безліччуц у неба,

У цемру вечную гукаць?

Дык дзе ж шукаць? Калі? Навошта?

Не трэба марнаваці час.

Яно — вялікае, без кошту,

Прыйдзе само тады да нас.

Ганна Жылінская.

 

У зімовым лесе

Цішыня аж да звону ў вушах,

Кожны крок аддаецца рыпеннем.

Сёстры-елкі прыбраліся ў шаль,

Бы святкуючы дзень нараджэння.

Завушніцамі шышкі на іх

Дапаўняюць убор адмысловы.

Заінела бярозы стаяць,

Ганарліва схіліўшы галовы.

Асляпляе ушчэнт белізна.

Не, не бель — самацветнае ззянне.

І такая наўкол цішыня —

Я прытойваю нават дыханне.

Галіна Цыганкова.