«Масленіца ж!»

— З’еш, дзядок,
Яшчэ блінок —
Масленіца ж, мілы!
— Ой, Марыся,
Перагруз —
Я не маю сілы!

Цэлы тыдзень
На блінах,
Піражках, аладках.
Столькі з’еў,
Што проста жах!
Як блінец, стаў гладкі.

На сняданак,
На абед,
На вячэру потым.
А ўначы
Я сню блінцы,
Абліваюсь потам.

— Не цурайся,
Дарагі!
Ці пяку я дрэнна?
Вось смятана,
Масла вось,
З яблыкаў варэнне…

Ну яшчэ
Адзін блінок,
Ну яшчэ хоць крышку.
Слоік з мёдам
Я падам,
А ты бяры лыжку.

— Ты умееш
Гатаваць,
Я кажу з даверам.
Але мужа
Частаваць
Трэба, жона, ўмеру!

А за клопат,
За любоў
Дзякуй, мая люба.
Толькі з клопатам
Такім
Можна ўрэзаць дуба!

Галіна Цыганкова.
Фота Таццяны Падліпскай.