«Мы вясну гукаем, вясну сустракаем!»: у Клімавіцкім ЦДАДіМ юныя клімаўчане паказалі абрад «Гуканне вясны»

«Мы вясну гукаем, вясну сустракаем!»: у Клімавіцкім ЦДАДіМ юныя клімаўчане паказалі абрад «Гуканне вясны».

Па словах метадыста Клімавіцкага ЦДАДіМ Надзеі Шаўцовай, на працягу некалькіх гадоў запар абрад «Гуканне вясны» арганізуецца ў Клімавіцкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Педагогі ствараюць цёплую і вясёлую атмасферу для навучэнцаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з традыцыяй зазывання вясны, прымаюць удзел у гульнявой праграме, рухомых гульнях, у майстар-класах па вырабе «птушак» з паперы і тканіны. Свята суправаджаецца карагодамі і традыцыйнымі беларускімі песнямі ў выкананні навучэнцаў краязнаўчых аб’яднанняў.

Дарэчы, «Гуканне вясны» — адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных абрадаў, якія дасталіся нам ад далёкіх продкаў. Падаплёка цалкам зразумелая: доўгая зіма надакучыла, таму прыход вясны кожны год радуе людзей. І калі на Новы год прынята клікаць Дзеда Мароза, то вясной прынята ладзіць свята і клікаць або «гукаць» вясну. Клічуць доўгачаканую вясну звычайна ў канцы сакавіка-пачатку красавіка. Часцей за ўсё гэтае народнае свята супадае з Дабравешчаннем, калі на Беларусь прылятаюць буслы. Гэтая птушка з’яўляецца галоўным «героем» абраду.

Перад правядзеннем «гукання», як правіла, упрыгожваюць тое месца, дзе яно будзе праходзіць. На дрэвы вешаюць рознакаляровыя стужкі, выразаныя з паперы фігуркі птушак, традыцыйна выпякаюць птушачак з цеста, вочкі ім робяць з разыначак. І, вядома, сама назва падказвае, што не абыходзіцца без музыкі і песень, якія завяршаюцца своеасаблівым рэфрэнам: «Гу-у-у-у!». Як і ў даўніну, госці і удзельнікі абраду водзяць карагоды, гуляюць у гульні.