На Клімаўшчыне адбылася акцыя «Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь»

Па ініцыятыве БРСМ, пачынаючы з 2004 года, у нашай краіне праводзіцца ўсебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь». Традыцыйна 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі лепшым вучням школ краіны, пераможцам шматлікіх алімпіяд і конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюць пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

На Клімаўшчыне ўдзельнікаў акцыі на гэты раз запрасілі ў інфармацыйна-ідэалагічны цэнтр, які размешчаны ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Пехцерава.

Канстытуцыя рэспублікі — Асноўны Закон нашай краіны. Ён адзіны мае вышэйшую юрыдычную сілу, прамое дзеянне і вяршэнства на ўсёй тэрыторыі сінявокай. З дапамогай Канстытуцыі народ рэалізуе асноўныя прынцыпы развіцця грамадства і дзяржавы.  Канстытуцыя замацавала правы, свабоды і абавязкі чалавека і грамадзяніна.

15 сакавіка галоўны дакумент лепшым прадстаўнікам маладзёжнага асяроддзя Клімаўшчыны ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Асмалоўская. Ад імя маладых людзей выступіла Вольга Ісакава.

Пасля ўрачыстасці моладзь запрасілі на бяседу за круглым сталом.

Няхай у прадстаўнікоў будучага пакалення маладых беларусаў будзе шмат карысных здзяйсненняў і поспехаў. Няхай гэтае свята надасць ім сіл і ўпэўненасці ў дасягненні пастаўленых мэт на карысць роднай Беларусі!

Нікіфар МІНЧАНКА.