У Макеевіцкай сельскай бібліятэцы-музеі Клімавіцкага раёна святкавалі Масленіцу

Не парываюцца традыцыі — народ іх свята беражэ. Ад продкаў і да нашых дзён святкуюць людзі Каляды, Масленіцу, Івана Купалу і г. д. У Макеевічах таксама шануюць спадчыну, ладзяць народныя святы.

Загадчыца Макеевіцкай бібліятэкі-музея Ганна Рубан прапанавала чытачам літаратурны мантаж “Мы Масленіцу сустракаем!”. Можна было азнаёміцца з гісторыяй масленічнага каляндара, з творамі А.П.Чэхава, М.Я.Салтыкова-Шчадрына, А.С.Пушкіна, А.М.Астроўскага і іншымі, у якіх ярка малюецца святкаванне Масленіцы.

На працягу Масленічнага тыдня найбольш актыўныя чытачы бібліятэкі майстравалі лялек-ахоўніц, прымалі ўдзел у конкурсе “Блін — лавушка для сонейка” (трэба было намаляваць і выразаць блін — галоўны атрыбут свята), разгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні бліннай віктарыны і атрымлівалі  салодкія прызы. І дарослыя, і дзеці з задавальненнем фатаграфаваліся са святочным персанажам — Масленіцай.

Цікава, весела і нават шумна было ў храме кнігі, дзе звычайна пануе задуменная цішыня.

Вынікам агульных намаганняў стала тэматычная выстава “Ты з дабром прыйшла да нас, Масленіца!”.

Галіна Віктарава.