Вучаніца Лабжанскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна — пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

Уладзіслава Падабед. Вучаніца 11 класа дзяржаўнай установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс Лабжанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Клімавіцкага раёна». У гэтай 17-гадовай дзяўчыны з прыгожага аграгарадка Лобжа ў жыцці было нямала перамог. Пра іх не раз пісала ў сваіх артыкулах і «Родная ніва». У гэтым годзе — першае месца на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, які праходзіў з 29 сакавіка па 2 красавіка 2021 года у горадзе Лідзе Гродзенскай вобласці.
У ім прымалі ўдзел каманды з усіх абласцей Рэспублікі Беларусь, Мінска, у тым ліку і Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Уявіце сабе: 49 лепшых адзінаццацікласнікаў з усёй краіны — знаўцаў беларускай мовы і літаратуры, сярод якіх і наша зямлячка.
Некалькі дзён ішлі напружаныя інтэлектуальныя спаборніцтвы. Але у нашай зямлячкі ўсё атрымалася цудоўна ( і водгук на незнаёмы верш у першы дзень, і аб’ёмнае комплекснае лінгвістычнае заданне — у другі). Вынік — першае месца ў рэспубліцы!
Толькі Уладзіслава, яе настаўнік Валянціна Шмідава, а таксама блізкія і родныя дзяўчыны ведаюць, колькі каштуюць такія значныя перамогі. Ад якіх спакуслівых рэчаў даводзіцца адмаўляцца з-за штодзённай працы. Які ў дзяўчыны быў настрой, калі яна бачыла, як яе аднагодкі праводзілі свой вольны час так, як ім падабаецца.
— Сакрэт маіх поспехаў просты: праца, праца і яшчэ раз праца, — расказвае Уладзіслава Падабед. — Ніякі талент, здольнасці ці ўдача не дапамогуць стабільна паказваць высокія вынікі, калі ты не хочаш працаваць. Лічу важным заўсёды ставіць перад сабою нейкія мэты і дасягаць іх. Паступова, крок за крокам. Вельмі добра, калі побач з табою ёсць блізкія людзі, якія разумеюць цябе і падтрымліваюць ва ўсім. У першую чаргу, гэта мая любімая сям’я, мае настаўнікі, сябры.
Не змаглі мы не спытаць пра поспехі Уладзіславы ў яе настаўніка — Валянціны Фёдараўны Шмідавай. Дарэчы, кіраўніка зборнай вучняў Магілёўскай вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Вучаніца Лабжанскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна — пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры
Уладзіслава Падабед і яе настаўніца Валянціна Шмідава.

— Да гэтай перамогі мы з Уладзіславай ішлі з 5 класа, — расказвае Валянціна Фёдараўна. — Яе маці, Алеся Міхайлаўна ўспамінала, што дачка і засынала з падручнікам, і прачыналася з ім. Штогод мы прымалі ўдзел у раённых алімпіядах, з 9 класа — у абласных і рэспубліканскіх. Заўсёды мелі прызавыя месцы. Іншы раз да першага месца не хапала зусім маленькіх сотых бала. Было крыўдна, але мы працягвалі працаваць і, лічу, што ўсё ўсім даказалі. Немагчымага няма. Чалавек можа ўсё.  Што дапамагло Уладзіславе перамагчы? Яна вельмі таленавітая, працавітая, шчырая і адкрытая дзяўчынка. Лідар па натуры. Жадаю сваёй вучаніцы, каб усё, пра што яна марыць, збылося. Яна гэтага заслугоўвае на сто адсоткаў.
У размове з журналістамі Уладзіслава неаднойчы гаварыла пра тое, што прадметныя алімпіяды — гэта не толькі барацьба, спаборніцтвы і напружанне. Гэта і цудоўная магчымасць сустрэцца са старымі сябрамі, набыць новых. Не першы год Уладзіслава знаёмая з Альбінай Валуевай з Крычава. Дзяўчаты — добрыя сяброўкі. Яны і на алімпіядах выступаюць разам, і заўсёды падтрымліваюць адна адну. Як і павінна быць.

Ігар Кавалёў.