У Клімавіцкай раённай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае 110-й гадавіне з дня нараджэння паэта-земляка Паўла Пруднікава

У Клімавіцкай раённай бібліятэцы адбылося мерапрыемства, прысвечанае 110-й гадавіне з дня нараджэння паэта-земляка Паўла Пруднікава. Пра гэта расказала бібліятэкар Вольга Максімовіч.

14 ліпеня 1911 года ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна ў шматдзетнай сялянскай сям`і нарадзіўся Павел Іванавіч Пруднікаў, будучы беларускі пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Стрыечны брат паэта — пісьменнік Алесь Пруднікаў.

У 1924 г. Павел Пруднікаў напісаў свой першы верш “Трапінка”. Улетку 1930 г. у рэспубліканскай газеце “Піянер Беларусі” быў надрукаваны яго верш “На вакацыі”.

Павел Пруднікаў пражыў доўгае жыццё, у якім былі і ваеннае ліхалецце, і пасляваеннае ўзнаўленне роднай краіны, і вялікая праца ў літаратуры. У гэтым жа годзе ў газеце “Чырвоная змена” была надрукаваная нізка яго вершаў, якая стала падмуркам да першай кнігі паэзіі “Песні грузчыкаў” (1932 г.).

У 1931 г. з’явілася першая паэма — “Пікет за пікетам”. У 1930-я гады пісьменнік выступаў у друку пад псеўданімам Паўлюк Буравей (каб не блытаць з Алесем Пруднікавым). У Мінску П. Пруднікаў пазнаёміўся са шматлікімі тагачаснымі беларускімі паэтамі і празаікамі, у тым ліку з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Міхасём Чаротам, Платонам Галавачом і іншымі. Пазней успаміны пра іх леглі ў аснову кнігі “Далёкае, але не забытае” (Мн., 1988 г.).

Пасля заканчэння Ленінградскага педінстытута імя Пакроўскага у 1937 годзе пісьменнік быў арыштаваны. Павел Пруднікаў некалькі месяцаў утрымліваўся ў ленінградскіх “Крыжах”. Атрымаў восем гадоў ссылкі. Спачатку быў этапаваны ў Бурацкую рэспубліку. У зняволенні працаваў на будаўніцтве чыгунак, на будаўніцтве шыннага заводу ў Омску і горна-металургічнага камбіната ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце Енісейска (Краснаярскі край).

Пасля адбыцця тэрміну зняволення (жнівень 1945 г.) вымушаны быў некаторы час працаваць токарам вагоннага дэпо Нарыльскай чыгункі, потым загадчыкам бібліятэкі Нарыльскага горна-металургічнага тэхнікума. Пасля вяртання ў родныя мясціны (1946 г.) працаваў настаўнікам у сярэдніх школах Смаленшчыны (г. Рослаў, Рослаўскі і Ершацкі раёны).

У 1952 г. разам з сям’ёй нарэшце асеў на Браслаўшчыне ў вёсцы Слабодка. У студзені 1956 г. быў рэабілітаваны. Зноў пачаў друкавацца з 1959 г., вярнуўшыся такім чынам да паўнавартаснай літаратурнай дзейнасці. Гэтую падзею паэт разглядаў як сваё другое нараджэнне, таму свой другі зборнік вершаў назваў “Час майго нараджэння” (1968).

У 1968-1969 гг. Павел Пруднікаў і яго сям’я пераехалі ў Мінск. У 1971 г. пісьменнік сышоў на пенсію, што дало яму больш часу займацца літаратурай і гэты перыяд стаў найбольш плённым у яго творчасці. З 1971 г. — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У 1970-1980-х гг. Павел Пруднікаў выдае шэраг зборнікаў вершаў, сярод якіх найбольш значны – зборнік выбраных твораў “Мая магістраль” (1981 г.). З перабудовай у СССР стала магчымым пісаць і на тэму сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ з 1950-х гг., з часоў адлігі, Павел Пруднікаў выношваў задуму напісаць пра страшэнныя падзеі, што адбыліся на яго вачах, і зрабіў першыя нататкі. Але магчымасць надрукаваць іх з’явілася толькі праз трыццаць гадоў. Першым такім творам была паэма “Таймыр” (часопіс “Полымя”, 1988 г.). У 1993 г. выходзіць кніга “За калючым дротам”, якая складалася з двух аповесцяў: “Яжовыя рукавіцы” і “Пекла” – найбольш значных твораў аўтара.

Аповесці носяць аўтабіяграфічны характар. У 1996 г. у сваім апошнім зборніку паэзіі “Пароша” Павел Пруднікаў змясціў паэму “Кожны другі”, таксама прысвечаную ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Памёр Павел Пруднікаў 16 сакавіка 2000 года ў Мінску.