Шанаваць свой край вучаць у ДУА “Яслі-сад № 4 “Рамонак” г. Клімавічы”

“Любіць сваю Радзіму, ведаць яе мінулае і ганарыцца сучасным павінен кожны,”— з такіх слоў пачала занятак выхавальнік дзіцячых яслей-сада № 4 “Рамонак” Алена Гудкова.

Для таго каб дзеці больш даведаліся пра Беларусь, яна прапанавала малым здзейсніць невялікае завочнае падарожжа па краіне.

Першы прыпынак — “Дзяржаўныя сімвалы”. Алена Васільеўна пазнаёміла выхаванцаў з дзяржаўнымі сімваламі нашай Радзімы (а гэта Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь). Расказала гісторыю іх стварэння. Звярнула ўвагу на тое, што ў кожным элеменце закладзены глыбокі сэнс: гісторыя і традыцыі народа, асаблівасці гаспадаркі і прыроды.

На наступным прыпынку адбылася сустрэча з прыродным багаццем Беларусі. Дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі пра жывёл і расліны, якія распаўсюджаны ў нашай мясцовасці. З малюнкаў-адгадак вылучылі прыродныя сімвалы роднага краю.

Апошні прыпынак — “Бабулін куфэрак” — выклікаў непадробную цікавасць у малых. Дзеці не толькі даведаліся пра народныя промыслы беларусаў (ганчарнае рамяство, разьбу па дрэве, вышыўку, саломапляценне), але і змаглі патрымаць у руках прадметы побыту.

Завяршыла падарожжа гульня ў лато “Мая краіна”. Яна падводзіла вынік мерапрыемству. Выхаванцы правільна запоўнілі ўсе палі картак, а гэта значыць, што занятак прайшоў з карысцю.