У Клімавіцкай раённай гімназіі ў межах Тыдня беларускай мовы адбылося творчае мерапрыемства

У Клімавіцкай раённай гімназіі ў межах Тыдня беларускай мовы адбылося творчае мерапрыемства. З навучэнцамі старэйшых класаў сустрэлася журналіст раённай газеты “Родная ніва”, паэт Галіна Цыганкова.

Галіна Віктараўна расказала пра свой жыццёвы і творчы шлях, шмат увагі надала тэме любові да Радзімы, малой і вялікай, павазе да беларускай мовы.

Па словах Галіны Цыганковай, ёй прывіла любоў да мовы, дала моцныя веды Вера Пятроўна Маслакова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіцкай сярэдняй школы, дзе вучылася паэтэса. Яна была прынцыповым, патрабавальным педагогам, вельмі любіла свае прадметы і цікава праводзіла ўрокі.

Галіна Віктараўна адзначыла, што на Клімаўшчыне нямала беларускамоўных паэтаў. Гэта член Саюза пісьменнікаў Беларусі, былы рэдактар нашай раённай газеты Мікола Мінчанка, журналіст Мікола Глуздоў (на жаль, ён ужо пайшоў з жыцця), былыя выкладчыкі аграрнага каледжа Уладзімір Босаў і Уладзімір Загорскі і іншыя. Яна прачытала іх вершы.

Паэтэса чытала і свае вершы на розныя тэмы.

Навучэнцы задавалі госці пытанні. Паміж іншага, іх цікавіла тэма кахання ў творчасці паэтэсы. Галіна Цыганкова прачытала “па заяўцы” вершы і на гэту тэму. Ды не толькі на беларускай, але і на рускай мове.

Галіна Віктараўна прывяла для прыкладу словы Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які сказаў, што беларускую мову трэба ведаць, бо гэта нас адрознівае ад іншых. Яна працытавала словы Прэзідэнта: “Нельга забываць сваю мову. Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, — мы не беларусы. І руская мова, і беларуская мова — гэта нашы”.

Таксама Галіна Цыганкова адзначыла, што зусім нядаўна па ўсёй Беларусі прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню народнага адзінства. Яны аб’ядналі наш народ у цэласнае грамадства, у якога ў жыцці адна мэта — мір для будучых пакаленняў. І напомніла, што некалькі дзён засталося да важнай для нашага раёна падзеі — 28 верасня

Клімаўшчына святкуе дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На жаль, у свеце цяпер адбываецца шмат трагічнага. Так, у суседняй, некалі брацкай нам Украіне ідзе вайна. Трывожна на нашых межах з іншымі дзяржавамі. У памяці беларусаў жывуць падзеі Вялікай Айчыннай. Тая вайна паказала, як важна быць з’яднанымі. Мы перамаглі толькі таму, што ўсе народы вялікай краіны СССР жылі адной дружнай сям’ёй і разам змагаліся супраць агульнага ворага.

Людміла Рыськова.