Хто завітаў на сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі першай гарадской школы Клімавіч?

У першай гарадской школе адбылася незвычайная і запамінальная сустрэча з   выпускнікамі школы. У госці да дзяцей і дарослых завіталі браты Уладзімір і Дзмітрый Саковічы.

Як расказала настаўнік беларускай мовы і літаратуры школы Людміла Шапавалава,  Уладзімір Мікалаевіч Саковіч з залатым медалём скончыў першую гарадскую ў 1957 годзе. Тое, што яму давялося перажыць, магло б стаць захапляючым сюжэтам да прыгодніцкага фільма. Уладзімір — капітан другога ранга. Ён абышоў усе акіяны глобуса, акрамя Паўночнага Ледавітага. І на працягу  ўсіх яго падарожжаў,   у самых складаных выпадках  выратоўвала братэрства і адзінства членаў каманды. Незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Зараз наш зямляк на заслужаным адпачынку.

З захапленнем вучні слухалі і брата Уладзіміра Мікалаевіча — Дзмітрыя, які таксама вучыўся у першай гарадской школе. Ён пакараў вяршыні на зямлі. Нягледзячы на ўсе няўзгоды і ліхалецце, земляка вабіла навука і тэхніка. Дзмітрый Мікалаевіч працаваў на высокіх пасадах у Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Браты зазначылі, што ўвесь час яны адчувалі падтрымку сястры Людмілы, якая таксама прысутнічала на сустрэчы.

Дыялог ганаровых гасцей з навучэнцамі атрымаўся цікавым і займальным. На прыканцы мерапрыемства  дзеці атрымалі шчырыя  словы пажаданняў: вучыцца добра, стаць годнымі  грамадзянамі нашай роднай Беларусі. І памятаць, што наша сіла ў адзінстве.

Хто завітаў на сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі першай гарадской школы Клімавіч?