Сёння 85 год з дня нараджэння Мікалая Іванавіча Салаўцова

Я да вас прыязджаю заўжды не як госць,

Каб пазнаць свой раён па абліччы,

Тут дзяцінства маё і мая маладосць,

Нарадзілі мяне Красавічы…

Дарагім землякам-клімаўчанам

 

30 снежня 1937 года ў вёсцы Красавічы Клімавіцкага раёна нарадзіўся Мікалай Салаўцоў. У сялянскай сям’і быў ён дзясятым па ліку дзіцём. Далей — як і ў многіх: басаногае дзяцінства, пасільная праца. Закончыў  Красавіцкую сямігодку, у старэйшых класах вучыўся ў Савініцкай школе. Пасля набыцця прафесіі ў Клімавіцкім ветзаатэхнікуме хлопец працаваў заатэхнікам у калгасе. 

Пасля Арміі Мікола быў брыгадзірам паляводчай брыгады ў саўгасе, сакратаром камсамольскай пярвічнай арганізацыі, пяць гадоў выбіраўся першым сакратаром Клімавіцкага райкома камсамола. Быў членам бюро Магілёўскага абкома камсамола. Пасля камсамола сямнаццаць гадоў працаваў Мікалай Іванавіч старшынёй Чавускага раённага камітэта народнага кантролю, сакратаром райкома прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі, неаднаразова выбіраўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Больш за дваццаць год рабіў журналістам  у раённай газеце “Іскра” і  больш пятнаццаці гадоў прысвяціў працы на радыё ў Чавускім раёне, быў яго стваральнікам. 

Мікола Салаўцоў піша вершы і прозу на беларускай мове. Першы яго верш «Беларусь — мая радзіма» надрукаваны ў Клімавіцкай раённай газеце «Молат» у 1956 годзе. Затым вершы друкаваў у такіх выданнях,  як «Піянер Беларусі», «Зорка», «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», а таксама ў часопісах «Бярозка», «Вясёлка», «Работніца і сялянка» і іншых.

М. Салаўцоў з’яуляецца адным з аўтараў пяці калектыўных зборнікаў беларускіх паэтаў: «Прыдняпроўе» (1958 год), «Матчына слова» (1991 год), «Галасы Прыдняпроўя» (1991 год), «Дняпроўскія хвалі» (1993 год), «Самавар у лесе» (1995 год). Усе яны выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». У гэтым жа выдавецтве пабачылі свет два зборнікі вершаў М. Салаўцова для дзяцей: «Вавёрчын веласіпед» (1976 год) i «Чаму плуг не ржавее» (1978 год).

Вершы Міколы Салаўцова — гэта не звычайнае апісанне ўбачанага, перажытага. Яны асветлены і асэнсаваны адносінамі самаго паэта да адлюстраванага — унутраным словам яго душы.

У многіх вершах Міколы бачыцца свежасць паэтычнага вобраза. Паэт думае не толькі пра арыгінальнасць мастацкага вобраза, але думае і пра сэнс : “Я часта думаю”, “Боль Беларусаў” і інш. Ёсць у яго вершы пра вайну, кахане, пра прыроду, вершы-жарты.

Узнагароджаны двума медалямі Саюза пісьменнікаў СССР: «За доблесный труд» і за «Трудовую доблесть» і рознымі граматамі. У 2018 г. кіраўніцтва грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» ўзнагародзіла М. І. Салаўцова нагрудным знакам «За вялікі ўклад у літаратуру».

З 1967 г. свой жыццёвы лёс М. Салаўцоў звязаў з Чавускім раёнам.

Мікола Іванавіч — чалавек творчы, прынцыповы, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і свядомымі адносінамі да грамадскага ладу.

Крысціна Старавойтава,

бібліёграф цэнтральнай

раённай бібліятэкі.

Фота chausynews.by.