Клімаўчанка прымае ўдзел у анлайн-конкурсе “Пад зоркай Венеры”

У рамках рэалізацыі праекта “Пісьменнікі — ураджэнцы роднага краю” Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна праводзіць анлайн-конкурс чытальнікаў “Пад зоркай Венеры” з мэтай папулярызацыі творчасці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

Як паведамілі ў аддзеле па абслугоўванню дзіцячага чытача Клімавіцкай раённай бібліятэкі, у конкурсе прымае ўдзел і наша зямлячка — навучэнка 3 “В” класа сярэдняй школы № 3 Валерыя Грэбенюкова.

Адбор пераможцаў конкурсу падзелены на 2 туры. Першы тур адбору творчых работ праходзіць з 20 студзеня па 19 лютага, другі тур пачнецца 20 лютага. У ім будуць удзельнічаць лепшыя, на думку журы, ролікі, якія адбяруць у першым туры.

А ў другім туры будуць выбірацца самыя лепшыя  работы для кожнай узроставай катэгорыі і для дадатковых намінацый.

Усе творчыя работы канкурсантаў знаходзяцца на старонцы Ютуб-канала бібліятэкі ў асобным  плэйлісце “Анлайн-конкурс чытальнікаў “Пад Зоркай Венеры”. На канал можна перайсці па  спасылцы.

Удзельнікі конкурсу падзелены на асобныя ўзроставыя катэгорыі:

да 8 гадоў; з 9 да 10 гадоў; з 11 да 12 гадоў; з 13 да 14 гадоў; з 15 да 16 гадоў; з 17 да 18 гадоў.

Для таго каб прагледзець работы толькі па адной з катэгорый канкурсантаў, неабходна знайсці ў апісанні да роліка хэштэг #падзоркайвенеры, на канцы якога пазначаны ўзрост удзельніка, і перайсці па ім на старонку з работамі  канкурсантаў аднаго ўзросту.