У Палошкаўскай школе Клімавіцкага раёна адбылося фальклорнае свята
“Чужому навучайся, ды свайго не цурайся!” — пад такім дэвізам у Палошкаўскай сярэдняй школе арганізавалі традыцыйнае свята “Кола года”.
Як расказала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Святлана Сцелькіна, гонар за родную зямлю нараджаецца яшчэ ў маленстве і, як першы вясновы парастак, набірае сілу, крэпне на працягу ўсяго жыцця. Гонар за родную зямлю не можа пачацца па волі кагосьці, ён бярэ свой выток з сэрца, з душы чалавека разам з любоўю да роднага дома, квяцістага лугу, блакітнага льнянога палетка і пошуму дуброў.
Усе гэтыя вобразы былі яскрава прадстаўлены ў музычных нумарах вучняў. Гучалі на свяце беларускія народныя песні: “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, “Чаму ж мне ня пець”, “Пасеяў дзед грэчку”, “Як хацела мяне маці, ды за першага аддаці”.
Што да танцаў, то танцавалі нават тыя, хто не займаўся гэтым ніколі. Вучні 6-7 класаў не толькі прыемна ўразілі гледачоў, але і самі атрымалі вялікае задавальненне. Пасля слоў вядучых Надзеі Тамашовай і Ганны Цімошчанкі пра небыліцы-казачкі, вучні 8 класа паказалі сцэнку “Пасадзіў дзед рэпку”.
Заключным нумарам святочнай праграмы стала песня “Бацькоўскі дом не прадаецца” у выкананні вучняў 11 класа.