Прафесія ў спадчыну… Як Вераніка Мятлева стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры

Прафесія ў спадчыну… Сапраўды, такое здараецца нярэдка, калі дзеці выбіраюць прафесію бацькоў. Вось і Вераніка Мятлева пайшла па слядах маці.

Як кажа Вераніка Сяргееўна, з нараджэння яна чула ў доме і беларускае слова, і беларускія творы, бо мама, Наталля Іванаўна Іванова, — настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 3 г. Клімавічы.

Ёй пашанцавала ўдвая, лічыць Вераніка Мятлева, бо класным кіраўніком у іх класе была таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры — Таццяна Пятроўна Калошка.

— Маючы перад сабой такія два магутныя прыклады ў асобе мамы і Таццяны Пятроўны, я проста не магла выбраць іншую прафесію. Я адчувала, што гэта і маё прызванне. Скончыўшы сярэднюю школу, я паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова на факультэт славянскай філалогіі і атрымала спецыяльнасць выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. І вось пасля заканчэння ўніверсітэта трынаццаты год выкладаю ў сярэдняй школе № 3, якую скончыла і сама.

— Як уліваліся ў педагагічны калектыў, уваходзілі ў працу?

— У педкалектыў улілася, можна сказаць, лёгка. Тут мяне прынялі добра, па-сяброўску. А вось у працу ўваходзіць было няпроста. Спачатку нават падумала, што ўсё ж такі не тую прафесію я выбрала. Засумнявалася: ці змагу ўтрымаць увагу класа, правільна размеркаваць час, знайсці падыход да кожнага вучня.
Але старэйшыя калегі мяне падтрымалі, ахвотна дзяліліся вопытам. Ды і прыклад мамы-педагога быў заўсёды перад вачыма. Неўзабаве асвоілася, уцягнулася — усё пайшло сваім шляхам. І цяпер я ўжо не бачу сябе ў іншай прафесіі.

— У Клімавічы прыехалі па размеркаванні?

— Не, у мяне быў свабодны дыплом. Яшчэ студэнткай выйшла замуж за Уладзіміра Леанідавіча Мятлева. Ну а Клімавічы… Калі вучылася ва ўніверсітэце, я ўвесь час сумавала па сваім горадзе. Мне ён здаваўся самым лепшым, самым родным! Мне так хацелася дадому! І вось я дома. У сваім горадзе. І я шчаслівая.

— Ці імкнецеся прывіць навучэнцам любоў да беларускай мовы?

— Я люблю беларускую мову. І, вядома ж, стараюся раскрыць перад навучэнцамі яе прыгажосць, непаўторнасць, мілагучнасць і меладычнасць. Мы ж беларусы і павінны калі не ведаць, то разумець беларускую мову. А яшчэ — ганарыцца тым, што ў нас ёсць свая нацыянальная мова, бо ў многіх краінах яе няма (Аўстрыя, Бельгія, Швейцарыя, Канада…). І як сказаў наш Прэзідэнт, калі мы не будзем ведаць беларускай мовы — мы не беларусы.
Радуе, што навучэнцы ўсё часцей выбіраюць беларускую мову для здачы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Сёлета мая выпускніца Кацярына Новікава набрала сто балаў па беларускай мове на цэнтралізаваным экзамене. Восемдзесят тры балы на ЦЭ — у Кацярыны Даўгалёвай. Іван Фядоценка быў удзельнікам трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.

— Як будуеце ўзаемаадносіны з навучэнцамі? Па прынцыпе: я — галоўная, і маё слова закон, або навучэнец мае права адстойваць сваё меркаванне?

— Не, ну настаўнік, бясспрэчна, павінен быць аўтарытэтам для навучэнцаў. Дыстанцыя павінна мецца. Але ўсё ж я імкнуся быць з дзецьмі на роўных… да разумных межаў. Кампраміс мае месца быць. А галоўнае — трэба быць шчырай. Дзеці вельмі адчуваюць фальш. Правільна пабудаваць адносіны, выхаваць клас — гэта вельмі цяжкая, карпатлівая праца.
Вось у гэтым годзе выпусціла адзінаццаты клас. Проста выдатныя хлопцы і дзяўчаты! Вяла іх з пятага класа. Разам нам было вельмі цікава.
У дзень майго нараджэння мае вучні зрабілі мне сюрпрыз: купілі ружы і выстраіліся з першага паверха да майго кабінета, што на другім паверсе. І я ішла міма кожнага і збірала гэтыя ружы: сямнаццаць чалавек — сямнаццаць руж. Зайшла ў клас, і тут… феерверк з хлапушак! А яшчэ — торцік: задзімала свечкі.
Не выказаць словамі маё пачуццё радасці і ўдзячнасці за любоў і павагу!
Таксама гэтым летам мы з маімі выпускнікамі адпачывалі на прыродзе — з начлегам. Выбраліся на наш гарадскі пляж. Гулялі ў валейбол, спявалі песні пад гітару… Было так рамантычна! Запісалі відэа — буду цяпер глядзець і з цеплынёй успамінаць сваіх хлопцаў і дзяўчат.

— Вольны час для вас, гэта…

— Актыўны адпачынак. Хаджу ў наш ЦФАР, займаюся аэробікай. Быў час — займалася танцамі ў аматарскім калектыве, якім кіравала выкладчык Клімавіцкай школы мастацтваў Тамара Давыдова. Аэробіка, танцы — гэта і спорт, і прыгажосць, і задавальненне.

Крэатыўная, спартыўная, таленавітая… За такімі настаўнікамі ахвотна ідуць навучэнцы. А прафесіяналізм выкладчыка Веранікі Мятлевай падкрэслівае тое, што сёлета яна ўдзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года” і ў раёне заняла першае месца па свайму прадмету. А яшчэ — на жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі ёй была аб’яўлена Падзяка райвыканкама.

Галіна Цыганкова.