У Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня да Міжнароднага дня роднай мовы

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

У цэнтральную раённую бібліятэку імя І. Пехцерава на інтэлектуальную гульню «Ручай крыштальны мовы роднай» запрасілі вучняў з навучальных устаноў горада Клімавічы і аграгарадка Ціманава. У мерапрыемстве прымалі ўдзел пяць каманд: “Валошкі” (сярэдняя школа № 1), “Васількі” (сярэдняя школа № 3), “Чыстасардэчнае няведанне” (сярэдняя школа № 4), “Новае пакаленне” (раённая гімназія) і “Нашчадкі” (Ціманаўская сярэдняя школа).

Сачыць за ходам гульні, а таксама збіраць у каманд карткі з адказамі запрасілі журы. У яго склад увайшлі намеснік дырэктара ДУК “Клімавіцкая бібліятэчная сетка” Юліана Клімянкова, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Аліна Рабцава, аматар-краязнаўца Ірына Навагродская, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Вольга Максімовіч.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі каля дзесяці розных заданняў. Удзельнікам трэба было паказаць свае веды ў наступных конкурсах: “Лінгвістычны спрынт”, “Паліглоты”, “Адгадай мелодыю”, “Разгадай метаграмы”, “Заблытунчык” і іншыя. Вучні адгадвалі выканаўцаў беларускіх песен, сапастаўлялі замежныя прыказкі з беларускімі, пазнавалі творы іх аўтараў па ўрыўкам, “разблытвалі” словы ў вершах. У Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня да Міжнароднага дня роднай мовыУ Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня да Міжнароднага дня роднай мовыУ Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня да Міжнароднага дня роднай мовыУ Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня да Міжнароднага дня роднай мовыУ Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася інтэлектуальная гульня да Міжнароднага дня роднай мовы

У выніку лепшай стала каманда “Васількі”. Дыпломам другой ступені ўзнагароджана каманда “Нашчадкі”, а трэцяй — “Чыстасардэчнае няведанне”.

Усе каманды атрымалі прызы ад райкама ГА “БРСМ”.

Сапраўды, родная мова — гэта адначасова i культура, i спадчына народа. Роднае слова — гэта першая крынiца, праз якую мы пазнаём жыццё i навакольны свет. Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, усвядомiў, што мова — гэта сапраўды наша багацце. Ведаць i захоўваць яе — наш абавязак.