
У Міжнародны дзень роднай мовы ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшоў інтэрактыўны турнір “Слова роднае — вечнасці след”. У турніры прымалі ўдзел вучні ўстаноў адукацыі горада.
Спачатку вядучыя нагадалі ўдзельнікам гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, адзначылі, што родная мова — гэта адначасова і культура, і спадчына кожнага народа, а роднае слова — першакрынiца дзяцінства, праз якую чалавек пазнае жыццё і навакольны свет.
Пачалося мерапрыемства з размінкі і конкурсу “Перакладчык”, дзе каманды паспрабавалі свае веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову і наадварот. Цікава прайшоў конкурс “Культура” на веданне знакамітых людзей, якімі ганарыцца Беларусь, а конкурс “Словазнаўцы” дапамог выявіць мацнейшых у веданні беларускай мовы. Хлопчыкам і дзяўчынкам давялося праявіць кемлівасць і эрудыцыю ў выкананні іншых заданняў: яны пазнавалі беларускага пісьменніка па вачах, выбіралі правільны варыянт ужывання беларускіх слоў і выразаў.
Пераможцам турніра стала каманда “Дзеці Якуба Коласа” сярэдняй школы № 4 (узнагароджана дыпломам І ступені), каманда “Эрудыты” сярэдняй школы № 3 узнагароджана дыпломам ІІ ступені. Дыпломы ІІІ ступені атрымалі каманды “Байцы” і “Знаўцы” з сярэдняй школы № 1 і раённай гімназіі.
Усе пагадзіліся, што беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі, шанавалі, ганарыліся ёю, і, канешне, на ёй размаўлялі. 














