Творчыя здабыткі клімаўчанкі Таццяны Сапажковай

Творчы шлях чалавека – гэта часам дарога, абгінаючая ўсе чаканыя павароты і вядучая да нечаканых вяршыняў. Гісторыя клімаўчанкі Таццяны Сапажковай – жывое ўвасабленне гэтай ісціны, аповяд пра тое, як прызванне цярпліва чакае сваёй гадзіны. Яе старт быў класічным для свету кніг і цішыні: бібліятэчны тэхнікум і пасада ў Красавіцкай сельскай бібліятэцы. Але душа, якая імкнецца не толькі да сузірання прыгожага, шукала іншага ўвасаблення. Гэта імкненне прывяло Таццяну Міхайлаўну ў свет нітак і ўзораў – у трыкатажны цэх Клімавіцкага камбіната бытавых паслуг, дзе яе рукі навучыліся адчуваць рытм і пластыку вязання. Зараз клімаўчанка працуе ў раённым Доме рамёстваў: па-майстэрску пляце з саломкі і бісеру, лепіць з гліны, тчэ паясы, валодае лапікавай тэхнікай і выцінанкай.Творчыя здабыткі клімаўчанкі Таццяны Сапажковай

Керамічныя цуды

Для майстра гліна – жывая матэрыя, якая адказвае на цяпло рук і патрабуе асаблівай ласкі. Менавіта ў кераміцы яе прыроднае цярпенне сустрэлася з бездакорным пачуццём формы. Асвойвала гэта мастацтва яна сама, удумліва апускалася ў народныя традыцыі. Першыя ўрокі працы з гэтым матэрыялам яна атрымала ад былога дырэктара Дома рамёстваў Аляксандра  Котава. Асабліва яе сэрца заваявала старажытная тэхніка абварнай керамікі, якая дае вырабам трываласць і высака роднае адценне.

Вяршыняй майстэрства сталі  гліняныя свістулькі, асабліва фігуркі канькоў, якія заваявалі Гран-пры на конкурсе «Крычаўскі канёк». Яе конікі – адушаўлёныя істоты, дзе архаічная пластыка сплятаецца з аўтарскім стылем. У яе руках нараджаюцца і іншыя цуды з гліны: ад дэкаратыўных пано да сучасных вытанчаных сувеніраў.

Купальскі пояс

Імкненне да аўтэнтычнасці прывяло Таццяну Сапажкову да глыбокай даследчай працы. У 2015 годзе яна ўзялася за найскладанейшую задачу – аднаўленне традыцыйнага купальскага пояса. Самастойна асвоіўшы ткацтва на бёрдах, яна не толькі адрадзіла тэхніку, але і распрацавала аўтэнтычную схему арнаменту, характэрнага для яе роднага рэгіёна. Дарэчы, клімавіцкі арнамент увайшоў у прыдняпроўскі пояс, які майстрыхі Магілёўскай вобласці ткалі для свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

Яшчэ адным трыумфам гістарычнай рэканструкцыі стала праца над традыцыйным народным касцюмам Клімавіцкага павета. Узяўшы за аснову музейныя экспанаты ткацтва пачатку XX стагоддзя, Таццяна Міхайлаўна карпатліва ўзнавіла жаночы ўбор: кашулю з геаметрычнай вышыўкай, сарафан, фартух з ручнымі карункамі і галаўны ўбор. Гэтая праца была ўдастоена дыплома I ступені на абласным узроўні.

– Так, працы было шмат, – з цёплай усмешкай успамінае Таццяна Міхайлаўна. – Кожны шывок, кожная вытканая нітка – гэта крок насустрач нашым прабабулям. Прыйшлося сабраць разам усё: і велізарнае цярпенне, і павагу да традыцыі. Але, калі ты бачыш, як ажывае цэлая эпоха ў гэтых складках сарафана, ва ўзоры на рукаве, разумееш – гэта таго каштавала. Мы не проста капіруем даўніну, мы вяртаем ёй дыханне.

Вясельны код мінулага

Клімаўчанка прыняла ўдзел у аглядзе-конкурсе «Ручнік як шлях жыцця чалавека». Яна зрабіла і рэканструкцыю вясельнага ручніка, які захоўваецца ў калекцыі жыхара в. Судзілы Аляксандра Галкоўскага.Творчыя здабыткі клімаўчанкі Таццяны Сапажковай

– Ручнік падарыла Аляксандру Мікалаевічу ў 1980 годзе жыхарка в. Пуцімель Алена Сцепаненка, – распавядае Таццяна Міхайлаўна. – А ёй ён дастаўся ад маці, якая вышывала яго сабе на заручыны – у знак згоды на шлюб, каб затым паднесці жаніху. Было гэта ў 1921 годзе.

Для Таццяны Сапажковай праца над рэканструкцыяй стала не проста капіраваннем узораў, а сапраўднай даследчай працай па расшыфроўцы. Кожны элемент на ручніку – гэта літара ў візуальным пасланні з мінулага.

– «Вершнікі» (коннікі) па краях – гэта дружкі жаніха, ужо ў шляху за нявестай, – тлумачыць майстра. – Птушкі, якія разляцеліся ў бакі – гэта галубы, сімвал заручын. Іх размяшчэнне паасобку выразна паказвае: вяселле яшчэ не хутка, але яно ўжо прадвызначанае. Падковы ў ніжняй частцы, упрыгожаныя раслінным арнаментам, – традыцыйны знак поспеху і хуткай дарогі. Разам з конямі ў верхняй частцы яны ўтвараюць уцэльны вобраз: дзяўчына рыхтуецца пакінуць бацькаву хату. А вось адзінокая жаночая фігура справа – гэта маці нявесты. Яна адна, што па канонах азначае – удава. Яе постаць і размяшчэнне – гэта момант падрыхтоўкі да сустрэчы сватоў і развітання з дачкой.

Але самы чуллівы элемент ручніка – гэта тэкст, сплецены з літар. Ён робіць гісторыю не абстрактнай, а глыбока асабістай. У верхняй частцы вышыта (захавана арфаграфія і пунктуацыя арыгінала): «Милый друг люби мае слыва как и я тебя люблю». А ўнізе, нібы подпіс стваральніцы і пазнака часу: «Мар’я его сделала на палатенца белыя».

Ручнік Таццяны Сапажковай – гэта больш чым рукадзелле, гэта захаванне памяці і культурнага кода. Узяўшы за аснову гэтак інфармацыйна насычаны арыгінал, майстра не проста паўтарыла ўзоры. Яна крапатліва ўзнавіла ўзор і каляровую гаму, імкнучыся максімальна наблізіцца да матэрыялу і эмоцый стогадовай даўнасці. Яе рэканструкцыя стала мостам паміж эпохамі: паміж Мар’яй, якая вышывала свой лёс у 1921-м, і намі, хто сёння можа не проста ўбачыць, але і зразумець гэта пасланне.

– Кожны ручнік – гэта кніга, – кажа Таццяна Міхайлаўна. – І ў гэтай кнізе цэлае жыццё, надзеі і абяцанні. Расшыфроўваць яе – усё роўна што весці ціхую размову праз час з той самай дзяўчынай-нявестай.

Творчасць як стан душы

– Мая творчасць – не проста захапленне, а стан няўрымслівай, вынаходлівай душы, – кажа майстра. – Толькі пры гэтай умове самыя смелыя задумкі я ўвасабляю ў дзіўныя рэчы. Мая праца дорыць мне радасць, асалоду, а навакольным – прыемнасць і захапленне. Сапраўды, кожны яе выраб – гэта масток паміж мінулым і будучыняй, дзе павага да традыцыі сустракаецца са смагай творчага пошуку. Яе рукі, якія навучыліся вышываць у маці, сёння не толькі ствараюць прыгажосць, але і беражліва перадаюць культурны код наступным пакаленням, дорачы навакольным радасць, захапленне і пачуццё датычнасці да вялікай спадчыны роднай зямлі.