Клімаўчанка перадала у Клімавіцкі музей самаробную посцілку, якой больш за сто год

Беларускія майстрыцы. Якія дзівосы яны стваралі! Ткалі, шылі, вышывалі, вязалі… Кожная хата была аздоблена самаробнымі вышыванымі ільнянымі ручнікамі і сурвэткамі; стол — засцелены бялюткім вышываным абрусам, койка — посцілкай.

Прадметы народнай творчасці беражліва захоўваюць у Клімавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Іх можна пабачыць на тэматычных выставах, якія раз-пораз ладзяцца ва ўстанове.

Як расказала дырэктар музея Алеся Кузьмянкова, вось гэта посцілка, што на здымку, зроблена рукамі Евы Васільеўны Коберскай з вёскі Пяркі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў першай палове XX стагоддзя. І ёй ужо больш за сто год!

Ева Васільеўна нарадзілася ў 1902 годзе. З дзяцінства ад маці навучылася розным рамёствам. Ды і як жа інакш? Майстрыхамі тады даводзілася быць усім жанчынам, бо трэба ж было рыхтаваць дочкам пасаг, абшываць сям’ю.

Такімі посцілкамі гаспадыні засцілалі ложкі або канапы. А ў музей у 2010 годзе гэту цудоўную рэч перадала ўнучка — Наталля Мікалаеўна Каваленка, якая жыве ў вёсцы Лобжа Клімавіцкага раёна.

Дарэчы, Наталля Мікалаеўна і сама добрая майстрыха. І дасюль яна любіць вышываць, вязаць. Народныя традыцыі працягваюцца.