150 гадоў Цётцы: у Клімавічах адкрылася выстава да юбілею Алаізы Пашкевіч

У Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Пехцерава адкрылася тэматычная выстава, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Алаізы Пашкевіч, больш вядомай пад псеўданімам Цётка. Наведвальнікі бібліятэкі могуць пазнаёміцца з поўным выданнем твораў паэткі на беларускай мове, а таксама з выбранымі вершамі, апавяданнямі і пуцявымі нарысамі ў перакладзе на рускую мову.  Тут можна таксама прачытаць крытычна-біяграфічныя нарысы пра яе жыццё і артыкул з кнігі А.Ф. Мяснікова «Сто асоб беларускай гісторыі».

— Пяру Алаізы Пашкевіч належаць вершы, проза, вострыя публіцыстычныя артыкулы, менавіта яна стала заснавальніцай дзіцячай дыдактычнай літаратуры ў Беларусі, — адзначылі супрацоўнікі раённай бібліятэцы. — А яшчэ Цётка — грамадскі дзеяч, які зрабіў невымерны ўклад у развіццё і папулярызацыю роднай мовы, у асэнсаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Яе словы не страцілі сілы і сёння — яны кранаюць душу, гучаць востра і сучасна, а творы даўно сталі несмяротнай класікай.150 гадоў Цётцы: у Клімавічах адкрылася выстава да юбілею Алаізы Пашкевіч

Менавіта Цётка падаравала маленькім чытачам «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Яна выдала брашуру «Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі», грунтоўна даследавала гісторыю беларускага тэатра і нязменна выступала як публіцыст, які ўмеў данесці да чытача самае галоўнае. Яе паэтычныя радкі натхнялі кампазітараў: Ігар Лучанок, Юрый Семяняка і Дзмітрый Смольскі напісалі песні на словы паэткі. Творы Алаізы Пашкевіч перакладзены на рускую, украінскую, польскую і нямецкую мовы, і гэта сведчыць пра іх сапраўдную сусветную вартасць.

Усёй сваёй творчасцю, грамадскай і асветніцкай працай Цётка імкнулася зацвярджаць абавязак песняра і грамадзяніна — служыць нацыянальнаму і духоўнаму адраджэнню Айчыны. Яна засталася ў памяці народа назаўжды: як сімвал ахвярнасці, пакут і веры.

Бібліятэка запрашае ўсіх знатакоў паэзіі азнаёміцца з унікальнымі выданнямі і адкрыць для сябе неўміручую класіку па-новаму.