Добрая сям’я — шчаслівыя дзеці

— Ці лёгка быць шматдзетнай маці? — запытала аўтар гэтых радкоў у гаспадыні.
— Зусім не. Лічу, што асноўнае прызначэнне жанчыны перш за ўсё заключаецца ў прадаўжэнні роду. Безумоўна, з нараджэннем дзіцяці клопату ў сям’і прыбаўляецца. Але разам з гэтым шчасця і радасці становіцца больш, — запэўніла мая суразмоўца.
Да дэкрэтнага адпачынку Наталля Пятроўна працавала ў ДШМ выкладчыкам па класу домры. Цяпер жа асноўны занятак жанчыны — выхаванне дзетак. Яе муж — індывідуальны прадпрымальнік. Многія клімаўчане добра ведаюць яго магазін “Радуга”, дзе можна набыць якасныя і танныя тавары. Уладзімір Мікалаевіч — чалавек мэтанакіраваны, адказны, не спыняецца на дасягнутым. Зараз ён завочна павышае свой прафесійны ўзровень — асвойвае спецыяльнасць юрыста.
Бацькі імкнуцца зрабіць так, каб у іх дзяцей было шчаслівае маленства, каб раслі яны выхаванымі і адукаванымі грамадзянамі сваёй краіны. Маці стараецца развіваць у дачкі і сыночкаў творчыя здольнасці. Яна часта спявае з малымі песні, малюе, чытае ім шмат літаратуры. Бацька ж любіць гуляць з дачкой у шашкі. Да гэтай спартыўнай гульні імкнецца далучыць і малодшых дзетак. Дачка Аліна пяты год наведвае харэаграфічнае аддзяленне школы мастацтваў. Паспяхова закончыла шосты клас САШ № 3. А ў хлопчыкаў пакуль асноўны занятак — гульня.
Таццяна МАЛІНІНА.