Прымусіць задумацца

У Клімавіцкім УКП “Камунальнік” з мэтай узмацнення выхаваўча-прафілактычнай работы з падлеткамі створана камісія садзейнічання сям’і і школе ў складзе чатырох чалавек.
— Працуем разам з прафкамам, — кажа яе старшыня Юлія Балтоўская. — Пасяджэнні праводзім штоквартальна. Акрамя таго, за дзевяць месяцаў адбылося пяць незапланаваных, дзе былі разгледжаны шэсць фактаў безадказных адносінаў бацькоў да сваіх дзяцей.
У “Камунальніку” працуюць дзесяць абавязаных асоб. Ёсць і такія, з каго зняты падобны статус у сувязі з поўным пагашэннем запазычанасці перад дзяржавай. Яны таксама вярнулі сваіх дзяцей у сем’і.
У некаторых выпадках, атрымліваючы падзячныя пісьмы са школ, мы хадайнічаем перад прафсаюзным камітэтам аб матэрыяльным заахвочванні бацькоў.
Мікалай МАЙСКІ.