Беларускія «Калядкі»

Беларускія «Калядкі»

У Клімавіцкай пачатковай школе (дырэктар Людміла Мікалаеўна Лазарава) наладжана цесная сувязь з сям’ёй, у тым ліку і ў плане патрыятычнага выхавання. Тут праследжваецца мэтанакіраваная паслядоўнасць і непарыўнасць. Яшчэ адным пацверджаннем таму з’явілася пазнавальнае мерапрыемства — конкурс сем’яў «Куток мой родны, край блакітна-сіні». Яго падрыхтавала разам з вучнямі і бацькамі настаўніца 2 «А» класа Наталля Васільеўна Чыгілейчык, дапамагала настаўніца музыкі Тамара Яўгенаўна Сарокіна.
Тэматычны тон задалі вучні класа. У іх выкананні гучалі вершы паэтаў-землякоў, прысвечаныя Клімавіцкаму краю, беларускія песні. Музычны падарунак падрыхтаваў ансамбль «Жывіца» дзіцячай школы мастацтваў.
Сем’і, што спаборнічалі, прадставілі выступленні па рознай тэматыцы. Дзіна Васільеўна Аўсяннікава з дачкой Кацяй пазнаёмілі прысутных з гісторыяй Клімаўшчыны. Людміла Мікалаеўна Петрачэнка з дочкамі Янай, Віталіяй і Аляксандрай расказалі пра нашых знакамітых землякоў, у тым ліку — сучасных. Гасцямі сям’і былі клімавіцкі мастак Леанід Ячнеў і паэтка Галіна Цыганкова. Яны расказалі пра сябе і сваю творчасць.
Святлана Анатольеўна Ціханава з сынам Андрэем звярнуліся па дапамогу да бацькоў класа і разам падрыхтавалі шыкоўны набор беларускіх страў: тут і бабка, і знакамітыя дранікі, дамашнія сала і каўбаса, і бульба, і квашаная капуста, і яшчэ шмат чаго. І, канечне, расказалі, чым частаваліся звычайна беларусы.
А як яны адпачывалі, весяліліся? Беларускія «Калядкі» разам з вучнямі падрыхтавалі Марына Міхайлаўна Кірылава і сын Павел.
Спаборнічалі сем’і таксама ў конкурсах на веданне беларускіх рэк, беларускай мовы, іншых.
Цікавым, запамінальным атрымалася мерапрыемства. А галоўнае — лейтматывам у ім гучала: каб любіць свой край, трэба ведаць яго гісторыю.
Галіна Віктарава.