Вось дзе артыстаў багата!

Вось  дзе  артыстаў  багата!

У Барсукоўскай БШ праводзіцца нямала цікавых агульнашкольных мерапрыемстваў. Сярод іх ёсць адно, да якога рыхтуюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты з асаблівай ахвотай. Гэта “Свята беларускай культуры”. Чатыры гады запар праходзіць яно і няйначай як на высокім узроўні. Пераканацца ў тым можна, паглядзеўшы слайдавую прэзентацыю кожнага. А вось на апошнім, у адзін з лютаўскіх дзён, мне давялося пабываць.
Пасля заняткаў большасць навучэнцаў, не марудзячы, пачалі пераапранацца і ўваходзіць у свае вобразы. За гэты час у актавай зале (частку яе загадзя пераўтварылі ў пакойчык сялянскай хаты, скарыстаўшы экспанаты школьнага музея) астатнія рабяты разам з настаўнікамі занялі месцы гледачоў. Былі сярод іх і некаторыя прыкладныя бацькі вучняў. Трэба сказаць, што вядучыя Даша Шарыхіна і Таня Улазоўская, упэўнена і ўзнёсла распачаўшы дзейства, задалі адпаведны тон усяму святу. А гучалі тут беларускія песні і прыпеўкі, пераходзячыя ў танцы. Юныя артысты прыказкамі і прымаўкамі сыпалі, нібы сейбіт зернем падчас сяўбы. Нямала пацешылі ўсіх і майстры інсцэніровак. Шмат цудоўных слоў было выказана пра мову нашу родную, мілую сэрцу Беларусь.
Напрыканцы дырэктар школы Ірына Іванаўна Анціпенка падзякавала шчыра за падараваную радасць удзельнікам творчай праграмы, класным кіраўнікам і асобна — настаўніку беларускай мовы і літаратуры Алене Уладзіміраўне Тамашовай.
Валянціна Кварцюк.