Клімаўчане прынялі ўдзел у ХХ Дні беларускага пісьменства

Клімаўчане прынялі ўдзел у ХХ Дні беларускага пісьменства

З 28 жніўня па 1 верасня 2013 года ў Магілёўскай вобласці, у г. Быхаў, праходзіла, безумоўна, галоўная культурная падзея года — Дзень беларускага пісьменства.

Дэлегацыю Клімавіцкага раёна ўзначаліў старшыня райвыканкама В.А.Захарэнка.
УА “Клімавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 14” прадставіў выставу “Клімаў двор”. На некалькіх канцэртных пляцоўках выступалі ансамбль народнай песні “Беразуха”, дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў “Астраначка” і народны фальклорна-аўтэнтычны калектыў “Астранка” Старадзедзінскага сельскага клуба, а таксама работнікі раённага цэнтра культуры. Іх выступленні бурна віталі гледачы.

На выставе-продажы “Горад майстроў” Аляксандр Котаў, Таццяна Сапажкова і Людміла Крыўцова дэманстравалі свае керамічныя вырабы і карціны. Цікавую выставу прапанаваў і раённы цэнтр творчасці.

Карыстаўся папулярнасцю Фестываль кнігі і прэсы. У межах яго падрыхтавалі стэнд і банэр журналісты клімавіцкай раённай газеты “Родная ніва”. Акрамя нумароў газет на выставе, якая доўжылася два дні, можна было пазнаёміцца з іншай друкаванай прадукцыяй (буклеты, кнігі) аб мінулым і сучасным клімавіцкага краю. Цікавасць выклікалі сувеніры-магніцікі з краявідамі Клімаўшчыны. Змястоўнымі атрымаліся сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі, журналістамі.

Сваімі ўражаннямі з журналістамі раённай газеты падзяліліся клімаўчане.
— Мне вельмі цікава было пабываць на гэтым мерапрыемстве, — кажа дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сеткі Клімавіцкага раёна Таццяна Даменікан. — Прыемна ўразілі кніжныя выставы, асабліва выстава Магілёўскай абласной бібліятэкі “Таленты ад роднай зямлі”.
На ёй былі прадстаўлены амаль усе пісьменнікі з розных куткоў Магілёўшчыны. Таксама мелася магчымасць сустрэцца з вядомымі беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў.

Ветэран працы Мікалай Кавалёў, па яго словах, са свята вярнуўся ўзбадзёраным, з гонарам за сваю малую радзіму і сваіх землякоў.
— Уразіў цудоўны горад Быхаў, колькасць гасцей і якасць арганізацыі, — дзеліцца Мікалай Мікалаевіч. — З вялікай радасцю папрысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята. З асалодай паслухаў выступленне артыстаў беларускай філармоніі. А па вуліцы Ленінскай нельга было прайсці, каб не затрымацца каля цікавых падворкаў. Мы ўжо адвыклі ад гукаў баяна, а ў Быхаве яго можна было пачуць усюды, і нават мае старыя ногі хацелі пусціцца ў скокі. Увогуле — маштабы здзіўляюць.
Ігар Кавалёў.
Дар’я Эверс.

Клімаўчане прынялі ўдзел у ХХ Дні беларускага пісьменства

Клімаўчане прынялі ўдзел у ХХ Дні беларускага пісьменства

Клімаўчане прынялі ўдзел у ХХ Дні беларускага пісьменства

Клімаўчане прынялі ўдзел у ХХ Дні беларускага пісьменства

Клімаўчане прынялі ўдзел у ХХ Дні беларускага пісьменства